Беларуская Служба

У Варшаве, насуперак прагнозам пра заняпад офіснага рынку, зноў назіраецца гонка хмарачосаў

12.06.2026 13:10
Пры гэтым улады Варшавы займаюць асцярожную пазіцыю. 
  . .
Хмарачосы ў Варшаве. Ілюстрацыя.Cinematographer/Shutterstock.com

Адразу дзве новыя вежы ў сталіцы — Upper One і Skyliner II — дасягнулі сваёй максімальнай вышыні — паведамляе "Forsal". У красавіку гэтага года завяршылася ўзвядзенне канструкцыі вежы Upper One. Яе вышыня складае 131,5 метра. У будынку размесцяцца 36 тысяч квадратных метраў офісных плошчаў і каля пяці тысяч працоўных месцаў. Адной з асаблівасцяў стануць панарамныя двухпавярховыя ліфты.

У чэрвені сваёй праектнай вышыні — 130 метраў — дасягнула і вежа Skyliner II каля Ронда Дашынскага. Тут будзе каля 23 тысяч квадратных метраў офісных памяшканняў. Палова плошчаў ужо знайшла арандатараў, хоць будаўніцтва яшчэ працягваецца.

Яшчэ нядаўна здавалася, што офісны рынак сталіцы насыціўся. Некаторыя забудоўшчыкі нават перараблялі праекты офісных хмарачосаў пад жыллёвае будаўніцтва. Аднак цяпер попыт на офісы ў цэнтры Варшавы зноў расце. Узровень свабодных памяшканняў у дзелавым цэнтры горада складае толькі каля шасці працэнтаў. Для параўнання, у Вроцлаве — каля 20%.

На гэтым фоне забудоўшчыкі рыхтуюць новыя праекты. Ужо будуецца 150-метровая AFI Tower на вуліцы Паньскай. Дазвол на будаўніцтва атрымаў і амаль 190-метровы Warsaw One. Разглядаюцца таксама новыя праекты хмарачосаў у розных частках горада.

Пры гэтым улады Варшавы займаюць больш асцярожную пазіцыю. Новыя планы развіцця горада абмяжоўваюць магчымасці ўзвядзення вельмі высокіх будынкаў у цэнтры. Таму забудоўшчыкам усё цяжэй атрымліваць неабходныя дазволы.

Тым не менш, апошнія інвестыцыі паказваюць: прагнозы пра канец эпохі офісных вежаў у Варшаве былі заўчаснымі. Попыт на сучасныя офісы застаецца высокім, а сталіца працягвае расці ўверх.

нг