Адпачынак у краінах поўдня Еўропы, якія вядомыя сваімі нізкімі цэнамі, сёлета будзе даражэйшым. Рост коштаў, больш за ўсё можа шакаваць турыстаў у Турцыі. Цэны крыху знізіліся ў Італіі і на Кіпры, а Балгарыя — самае таннае месца для адпачынку. Пра гэта сведчаць вынікі аналізу «UniCredit Bank Austria», якія публікуе «Puls Biznesu».
Паводле выдання, «толькі ў мінулым годзе ў папулярнай Турцыі польскі турыст мог купіць прыкладна столькі ж за 100 еўра, колькі і за 118 еўра дома. У гэтым годзе гэтая розніца амаль знікла — за 100 еўра ў Турцыі можна купіць столькі, колькі за 102 еўра ў Польшчы».
Згодна з дадзенымі, якія цытуе газета, два самыя танныя на сённяшні дзень месцы адпачынку — Балгарыя і Румынія — таксама падаражэлі. Нягледзячы на гэта, яны застаюцца самымі даступнымі для польскіх турыстаў.
У Балгарыі за 100 еўра можна купіць у сярэднім столькі ж, колькі і ў Польшчы за 139 еўра (годам раней гэта было 146 еўра). У Румыніі гэты паказчык знізіўся са 120 да 116 еўра.
«Puls Biznesu» таксама адзначае, што ўсё даражэйшай становіцца Харватыя. Там прыкметна даражэй, чым у Польшчы. Каб купіць тое, што ў Польшчы каштуе 89 еўра, там трэба выдаткаваць 100 еўра.
Дадзеныя таксама паказваюць, што Партугалія і Іспанія застаюцца адносна даступнымі для палякаў. У абедзвюх краінах узровень цэн практычна не змяніўся ў параўнанні з Польшчай. Там 100 еўра адпавядае 110 – 105 еўра ў Польшчы.
Самым дарагім месцам у спісе застаецца Швейцарыя, дзе за 100 еўра можна купіць столькі ж, колькі і ў Польшчы за 57 еўра.
аз