Беларуская Служба

Еўропа рызыкуе сустрэць зіму з мінімальнымі запасамі газу за 15 гадоў

30.06.2026 18:43
Да канца сезона запаўнення газасховішчаў, які працягваецца да кастрычніка, яны будуць запоўненыя толькі прыкладна на 76%.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Kingtony

Як паведамляе партал Biznes Alert, Еўропа можа ўвайсці ў новы ацяпляльны сезон з самым нізкім узроўнем запасаў газу з 2011 года. Паводле прагнозаў аналітычнай кампаніі Wood Mackenzie, да канца сезона запаўнення газасховішчаў, які працягваецца да кастрычніка, яны будуць запоўненыя толькі прыкладна на 76% замест традыцыйных мэтавых паказчыкаў.

Эксперты адзначаюць, што Еўропа пачала сёлетні сезон папаўнення запасаў са значна ніжэйшага ўзроўню, чым сярэдні паказчык за апошнія пяць гадоў. Гэта ўжо цяпер абмяжоўвае магчымасці назапашвання дастатковых рэзерваў да наступлення халадоў. На сітуацыю ўплываюць перабоі з пастаўкамі звадкаванага прыроднага газу (LNG), геапалітычная нестабільнасць і асцярожнасць асноўных экспарцёраў, у тым ліку ЗША і Катара.

Дадатковыя рызыкі ствараюць планы Еўрасаюза паступова адмовіцца ад імпарту расійскага газу. У выніку еўрапейскія пакупнікі будуць яшчэ больш залежаць ад спотавага рынку, дзе цэны хутка рэагуюць на любыя збоі ў пастаўках.

На гэтым фоне Еўрапейская камісія ўжо сігналізуе, што ранейшыя патрабаванні па запаўненні сховішчаў могуць быць перагледжаныя. Зніжэнне мэтавых паказчыкаў павінна прадухіліць панічныя закупкі і новы скачок коштаў на газ.

Эканамісты папярэджваюць: калі зіма будзе халоднай, урадам, магчыма, зноў давядзецца ўводзіць меры эканоміі, абмяжоўваць спажыванне газу прамысловасцю і падтрымліваць найбольш уразлівых спажыўцоў. Новы энергетычны крызіс можа стаць дадатковым ударам па еўрапейскай прамысловасці і паскорыць рост інфляцыі.

эж