ЗША перасталі быць для палякаў марай для эміграцыі, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. Згодна з апытаннем, праведзеным сацыялагічнай лабараторыяй CBOS па замове газеты, толькі 11,7% рэспандэнтаў вызначылі ЗША як краіну, у якую хацелі б эміграваць.
Гадамі пераезд у Злучаныя Штаты быў сімвалам лепшага жыцця і рэалізацыяй «амерыканскай мары». Цяпер жа, калі палякі і думаюць пра эміграцыю, то перш за ўсё разглядаюць Еўропу — такі адказ далі 42,3% рэспандэнтаў. Цікава тое, што 6,3% удзельнікаў апытання разгледзелі б у якасці краіны эміграцыі Паўднёвую Карэю альбо Японію. Пачынаючы з 2016 года лічба перасяленцаў і ў Польшчу з ЗША ў сярэднім такая ж самая — гэта азначае, што колькі людзей выехала ў Амерыку, столькі ж і вярнулася.
У апошні час усё менш палякаў выязджае з краіны. Перш за ўсё таму, што польская эканоміка расце, а гэта стварае больш магчымасцей для прафесійнага і матэрыяльнага росту. Калі грамадзяне Польшчы і выязджаюць, то перш за ўсё ў Еўропу. Згодна з дадзенымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення краіны, на канец 2024 года за мяжой пражывала прыблізна 1 млн 500 тыс. грамадзян Польшчы. 94% з іх жылі ў еўрапейскіх краінах. Найбольшая колькасць палякаў пражывала ў Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландах, Нарвегіі і Ірландыі.
вс