Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Эксперт: Еўропа ўжо не спыніць экспансію кітайскага аўтапрама, але можа абараніць сваю прамысловасць

13.07.2026 17:43
У 2025 годзе еўрапейская прамысловасць страціла праз канкурэнцыю з Кітаем 87 млрд еўра дабаўленай вартасці.
      .
Палякі адкрылі для сябе танныя кітайскія машыны. Фота: Wikipedia/CCO

Кітай стаў занадта магутным гульцом, каб Еўрапейскі Саюз мог спыніць яго імклівую экспансію на еўрапейскім аўтамабільным рынку. Аднак Брусель усё яшчэ здольны паменшыць залежнасць ад кітайскіх вытворцаў і забяспечыць больш справядлівыя ўмовы канкурэнцыі. Пра гэта ў інтэрв'ю PAP (Польскаму агенцтву друка) заявіў прэзідэнт Асацыяцыі дыстрыб'ютараў і вытворцаў аўтамабільных камплектуючых Польшчы (SDCM) Томаш Бэмбэн.

Паводле нядаўняга дакладу Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы і Цэнтра ўсходніх даследаванняў, у 2025 годзе еўрапейская прамысловасць страціла праз канкурэнцыю з Кітаем 87 млрд еўра дабаўленай вартасці. Для польскай эканомікі ўскосныя страты ацэньваюцца ў 11,4 млрд еўра, а вытворчасць аўтакамплектуючых скарацілася на 11,8%.

Томаш Бэмбэн адзначае, што польскія прадпрыемствы асабліва адчувальныя да гэтых працэсаў, бо інтэграваныя ў еўрапейскія вытворчыя ланцужкі. Калі аўтавытворцы ў Германіі, Францыі або іншых краінах Еўропы губляюць пазіцыі пад ціскам больш танных кітайскіх аўтамабіляў, польскія пастаўшчыкі хутка адчуваюць скарачэнне заказаў. Гэта закранае не толькі вытворцаў дэталяў, але і лагістыку, інжынерныя кампаніі і малы бізнес.

На думку Бэмбэна, еўрапейскія мытныя пошліны на кітайскія электрамабілі не вырашаюць праблемы, бо не распаўсюджваюцца на многія катэгорыі аўтамабіляў. Кітайскія кампаніі таксама могуць абыходзіць абмежаванні, пераносячы канчатковую зборку ў іншыя краіны, але пакідаючы пад сваім кантролем вытворчасць батарэй, электронікі і праграмнага забеспячэння.

Эксперт лічыць, што ЕС павінен не ізалявацца ад Кітая, а актыўней абараняць уласную прамысловасць, падтрымліваць развіццё еўрапейскіх тэхналогій і ствараць роўныя правілы канкурэнцыі. Для Польшчы гэта азначае неабходнасць пераходзіць ад ролі пастаўшчыка камплектуючых да вытворчасці прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

pap/эж