Уладальнік платформы для заказу ежы плануе да канца жніўня звольніць каля пяці тысяч супрацоўнікаў. Пасля гэтага яны будуць аказваць паслугі ўжо праз пасярэдніка — так, як гэта адбываецца ў іншых кампаніях, што займаюцца дастаўкай ежы.
Курʼер і прадстаўнік прафсаюза Pyszne.pl Станіслаў Кервяк заявіў, што новыя ўмовы працы будуць значна горшымі.
— Гэта азначае, што курʼеры ўжо не будуць мець гарантыі атрымання хаця б мінімальнай заработнай платы. Знікне пагадзінная аплата працы, кампанія больш не будзе забяспечваць іх неабходнымі сродкамі для працы — напрыклад, тэрмасумкамі або спецыяльным адзеннем. Раней выплачваліся таксама дадатковыя грошы за выкарыстанне ўласнага абсталявання. Усё гэта знікне. Невядома таксама, як будзе выконвацца патрабаванне аховы працы і што будзе адбывацца ў выпадку розных праблемных сітуацый.
Па даручэнні міністра працы Агнешкі Дзямяновіч-Бонк у кампаніі, якой належыць платформа Pyszne.pl, Дзяржаўная інспекцыя працы праводзіць праверку.
Прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі працы Матэвуш Жэмэк паведаміў Польскаму радыё, што пасля інфармацыі пра становішча курʼераў праверка была пашырана і на гэтыя пытанні.
— Мы не хаваем, што ўсюды, дзе гэта будзе магчыма і абгрунтавана, будзем выдаваць прадпісанні працадаўцу пераўтвараць грамадзянска-прававыя дамовы ў працоўныя. Аднак спачатку трэба высветліць, ці сапраўды ўмовы выканання гэтых кантрактаў адпавядаюць працоўным адносінам.
52% агулу курʼераў складаецца з замежнікаў — пераважна гэта грамадзяне Украіны (65%) і беларусы (каля 10%).
IAR/яс