Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Засуха значна абмежавала суднаходства па Рэйне

11.08.2026 07:11
Неўзабаве Рэйн можа стаць непраходным для суднаў.
  .
Рачное грузавое судна. dendoktoor/pixabay.com/CC0 Public Domain

Негатыўныя наступствы летняй спёкі становяцца ўсё больш відавочнымі. Засуха значна абмежавала суднаходства па Рэйне — адной з найважнейшых транспартных артэрый Еўропы. Сіноптыкі пакуль не прагназуюць інтэнсіўных ападкаў на большай частцы кантынента ў бліжэйшыя дні. Неўзабаве Рэйн можа стаць непраходным для суднаў, паведамляе партал Onet

Сітуацыя асабліва крытычная ў нямецкім горадзе Каўб, паміж Кобленцам і Майнцам. Паводле звестак Нямецкай асацыяцыі рачнога суднаходства, узровень вады там упершыню можа апусціцца ўсяго да некалькіх сантыметраў. 

У выніку найважнейшы водны шлях Еўропы будзе падзелены на дзве асобныя зоны руху. На поўначы судны змогуць хадзіць паміж найбуйнейшымі нідэрландскімі партамі ў Ратэрдаме і Амстэрдаме, Антверпенам у Бельгіі і нямецкім Кёльнам. На поўдзень ад крытычнай часткі рух будзе магчымы толькі па прытоках Рэйна, такіх як Майн, Некар і Мозель, і праз канал Майн-Дунай. Аднак рачны рух паміж Паўночным морам і поўднем кантынента будзе спынены. 

Гэта будзе мець негатыўныя эканамічныя наступствы не толькі для Германіі, але і для іншых еўрапейскіх краін. Тавары з буйных партоў у Ратэрдаме і Антверпене больш не змогуць развозіцца непасрэдна па рэках. Замест гэтага іх трэба будзе перагружаць на цягнікі або грузавікі. Гэтае рашэнне дарагое і патрабуе дадатковай працоўнай сілы. У Еўропе па рэках перавозіцца вялікая частка збожжа, кармоў і паліва. Хоць пагрозы дэфіцыту адсутнічаюць, аднак больш высокія транспартныя выдаткі прывядуць да росту цэн. Такім чынам, хлеб, бензін і корм для жывёл могуць стаць даражэйшымі. 

Складаней выглядае сітуацыя з буйнымі прамысловымі грузамі і хімікатамі. У гэтых выпадках аўтамабільныя перавозкі патрабуюць дарагога спецтранспарту, а некаторыя небяспечныя матэрыялы наогул нельга перавозіць на грузавіках. Чыгунка таксама не можа цалкам узяць на сябе перавозкі, бо грузавая лінія поўнач-поўдзень абмежаваная рэканструкцыяй да 2030 года. Аўтамабільны транспарт не з'яўляецца добрай альтэрнатывай, таму што грузавікі не могуць замяніць усе судны на Рэйне. Адно судна, якое ідзе ў швейцарскі горад Базель, перавозіць да 90 кантэйнераў. Для такой жа колькасці грузаў спатрэбяцца дзясяткі грузавікоў, а таксама кіроўцаў, якіх і так у Еўропе не хапае.

вс