Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Нягледзячы на продаж усіх коней падчас аўкцыёну, сітуацыя на конезаводах складаная

18.08.2026 18:03
Праблемы сталі вынікам шматгадовага занядбання, частай змены кіраўніцтва і недастатковага фінансавання.
  . .
Конь арабскай пароды. Ілюстрацыя.Фота: Pixabay / rihaij!

Сёлетні аўкцыён Pride of Poland у Янаве-Падляскім завяршыўся продажам усіх 16 выстаўленых коней. Агулам было атрымана каля мільёна еўра (4,3 мільёна злотых). Самай дарагой стала кабыла Піля (Pila) — пакупнік з Бельгіі заплаціў за яе 160 тысяч еўра — нагадваеBusiness Insider”.

Прадстаўнікі ўрада палічылі вынікі аўкцыёну сігналам аднаўлення племянной гаспадаркі арабскіх коней. Міністр сельскай гаспадаркі Стэфан Краеўскі заявіў, што дзяржаўныя конезаводы вяртаюць свае пазіцыі.

Аднак фінансавыя вынікі паказваюць больш складаную карціну. У 2025 годзе конезавод у Янаве-Падляскім меў каля 980 тысяч злотых страты, а Міхалаў — 1 мільён 250 тысяч. Годам раней страты складалі адпаведна каля 4 і 3,9 мільёна злотых. У першай палове гэтага года Янаў-Падляскі страціў каля 6 мільёнаў злотых, а Міхалаў — 2,9 мільёна.

Пасля змены ўлады ў 2023 годзе ў гэтыя конезаводы вярнуліся вопытныя спецыялісты. Кіраўніцтва прадпрыемстваў, аднак, падкрэслівае, што цяперашнія праблемы сталі вынікам шматгадовага занядбання, частай змены кіраўніцтва і недастатковага фінансавання.

Палітыкі апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасці» лічаць, што фінансавыя вынікі не дазваляюць казаць пра поспех. Улады ў адказ заяўляюць, што частка праблем узнікла яшчэ да 2023 года, а сітуацыя на сусветным рынку арабскіх коней пагоршылася. Цэны на коней ніжэйшыя, чым некалькі гадоў таму, а конезаводы абмяжоўваюць продаж найбольш каштоўных жывёл, каб захаваць іх для далейшага развядзення.

нг