Урад Польшчы завяршае працу над праектам бюджэту на 2027 год. Прэмʼер-міністр Дональд Туск нядаўна сказаў, што дзяржава не мае намеру скарачаць выдаткаў у трох ключавых сферах — гэта бяспека, ахова здароўя і інвестыцыі. У наступным годзе на ахову здароўя будзе выдзелена на 17 млрд злотых (больш за 3 млрд 940 млн еўра) больш, чым цяпер, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna.
Згодна з апытаннем, праведзеным сацыялагічнай лабараторыяй SW Research па замове газеты, палякі выразна вызначылі свае прыярытэты бюджэтных выдаткаў. Пераважная большасць рэспандэнтаў — ажно 67,6% — заявілі, што сектар аховы здароўя павінен атрымаць найбольшыя фінансавыя сродкі.
Акрамя таго, палякі лічаць, што нельга ашчаджаць на адукацыі (35,8%). У сваю чаргу 24,3% хочуць павялічыць выдаткі на інвестыцыі ў дарожную і іншую інфраструктуру. 24,9% рэспандэнтаў таксама мяркуе, што нельга абразаць рознага роду льготы і сацыяльныя дапамогі, у тым ліку праграму 800+ (800 злотых штомесяц на кожнае дзіця да 18 гадоў незалежна ад даходу сям’і — рэд.) і пенсіі.
На пытанне аб патэнцыйнай эканоміі бюджэтных сродкаў палякі далі выразныя адказы. Калі б бюджэтная сітуацыя прымусіла ўрад пайсці на ашчаджанне, то 39,8% рэспандэнтаў падтрымалі б змяншэнне фінансавання дзяржаўных устаноў і судоў.
У той жа час 25,2% удзельнікаў апытання лічаць, што эканомію неабходна шукаць у сацыяльнай дапамозе і рознага роду даплатах.
вс