Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскія кампаніі месяцамі чакаюць работнікаў з-за мяжы. Чыноўнікі тармозяць выдачу дазволаў на працу

08.09.2026 12:36
За першыя сем месяцаў гэтага года Мазавецкае ваяводскае ўпраўленне выдала 9,4 тыс. дазволаў на працу, а за першыя шэсць месяцаў летась — 35,3 тыс.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія кампаніі ўсё часцей спрабуюць закрываць кадравы дэфіцыт за кошт замежных работнікаў, аднак сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі пры атрыманні для іх дазволаў на працу. Як паведамляе Puls Biznesu, дзяржаўныя ўстановы нярэдка значна перавышаюць прадугледжаныя законам тэрміны разгляду спраў, а працэс легальнага працаўладкавання можа расцягвацца на месяцы.

Паводле выдання, за першыя сем месяцаў гэтага года Мазавецкае ваяводскае ўпраўленне выдала 9,4 тысячы дазволаў на працу. Для параўнання: за першыя шэсць месяцаў мінулага года гэты паказчык складаў 35,3 тысячы. Пры гэтым колькасць пададзеных заявак застаецца высокай.

Экспертка па рынку працы Канфедэрацыі польскіх прадпрымальнікаў Lewiatan Надзя Вінярская заявіла ў размове з выданнем Puls Biznesu, што бізнес фактычна не можа нармальна планаваць найм, бо не ведае, калі замежнік зможа легальна пачаць працу і ці будзе заяўка ўвогуле разгледжана пазітыўна.

Паводле закона, рашэнне аб выдачы дазволу на працу павінна прымацца на працягу 30 дзён. На практыцы, адзначае Вінярская, прадпрымальнікі чакаюць па шэсць-сем месяцаў. Пасля гэтага яны яшчэ могуць атрымаць адмову.

Праблема не абмяжоўваецца дазволам на працу. Пасля яго атрымання замежніку часта неабходна аформіць візу, а станоўчыя рашэнні прымаюцца толькі па невялікай частцы заявак. Яшчэ даўжэй можа займаць легалізацыя знаходжання ў Польшчы: сярэдні час чакання дазволу на часовае пражыванне складае каля 340 дзён, хоць заканадаўства прадугледжвае тэрмін у 60 дзён.

Такім чынам, задуманае ўрадам спалучэнне жорсткага кантролю міграцыі з магчымасцю легальнага прыцягнення замежных работнікаў на практыцы не працуе і стварае для бізнесу шматмесячную нявызначанасць, што моцна б'е па развіцці прадпрыемстваў.

эж

«Бізнес чакае людзей, а не забаронаў»: эксперт пра тое, чаму Польшча не можа адмовіцца ад працоўнай міграцыі

06.07.2026 12:12
Асабліва востра гэта адчуваюць галіны, дзе ўжо сёння не хапае людзей: догляд за пажылымі, будаўніцтва, лагістыка, транспарт і прамысловасць.