Польскае Упраўленне па ахове канкурэнцыі і правоў спажыўцоў, вядомае як UOKiK, наклала штраф на агульную суму больш за паўмільярда злотых на ўладальніка сеткі супермаркетаў Biedronka, транспартныя кампаніі, якія супрацоўнічалі з сеткай, а таксама на асоб, адказных за супрацьпраўнае пагадненне.
Справа датычыцца змовы на рынку працы кіроўцаў. Паводле высноваў UOKiK, кампаніі дамовіліся не падбіраць адна ў адной супрацоўнікаў. Старшыня UOKiK Томаш Хрустны адзначыў, што такія дзеянні абмяжоўвалі канкурэнцыю і маглі негатыўна ўплываць на ўзровень заробкаў і ўмовы працы.
—Я вырашыў накласці штраф у памеры больш за паўмільярда злотых на ўладальніка сеткі Biedronka, 29 транспартных кампаній і 8 фізічных асоб. Аштрафаваныя прадпрымальнікі дамовіліся паміж сабою, што не будуць канкураваць паміж сабой за супрацоўнікаў, а ўладальнік Biedronki каардынаваў гэтую дамову. У выніку тысячы кіроўцаў гадамі мелі абмежаваныя магчымасці мяняць працадаўцу.
Паводле расследавання, гэтае пагадненне дзейнічала з чэрвеня 2017 года як мінімум да лютага 2024 года. Кіроўца, які хацеў перайсці на працу ў канкурэнтную кампанію, павінен быў атрымаць згоду свайго цяперашняга працадаўцы. Калі такой згоды не было, ён на працягу некалькіх месяцаў не мог працаваць у іншай фірме, якая абслугоўвае той жа дыстрыбуцыйны цэнтр Biedronki.
— Працаўнікі маюць права шукаць лепшую зарплату і лепшыя ўмовы працы. Змова, якая пазбаўляе іх гэтага права, парушае асноўныя прынцыпы сумленнай канкурэнцыі. Такія практыкі павінны быць цалкам ліквідаваныя з рынку, — падкрэсліў старшыня Упраўленне па ахове канкурэнцыі і правоў спажыўцоў Томаш Хрустны. — Гэтая справа пацвярджае, што супрацоўнік не з'яўляецца ўласнасцю кампаніі, ён мае права шукаць лепшы заробак і лепшыя ўмовы працы. Змова, якая парушае гэтае права, адначасова парушае правілы справядлівай канкурэнцыі.
Найбуйнейшы штраф — 525 мільёнаў злотых — атрымаў Jeronimo Martins Polska, уладальнік сеткі Biedronka. Пазіцыю польскага рэгулятара падтрымала Еўрапейская камісія, якая пагадзілася з высновай, што ў гэтай справе адбылося парушэнне правілаў канкурэнцыі.
Рашэнне UOKiK можа стаць адным з самых значных за апошнія гады антыманапольных пакаранняў у Польшчы і сігналам для бізнесу аб тым, што дамоўленасці, якія абмяжоўваюць свабоду працаўнікоў на рынку працы, будуць жорстка карацца.
IAR/яс