На 2036 год запланаваны пачатак камерцыйнай эксплуатацыі першага энергаблока першай у Польшчы атамнай электрастанцыі. Пра гэта стала вядома з абноўленай Праграмы развіцця ядзернай энергетыкі Польшчы. Чакаецца, што другая АЭС у Польшчы будзе ўведзена ў эксплуатацыю прыкладна ў 2040 годзе — піша Forsal.
Абнаўленне праграмы, паводле паведамлення Міністэрства энергетыкі, улічвае змены, якія закранулі еўрапейскі энергетычны рынак у апошнія гады, а менавіта: энергетычны крызіс, агрэсію Расіі супраць Украіны і рост попыту прамысловасці на «энергію з нізкім узроўнем выкідаў». У паведамленні падкрэсліваецца, што атамныя электрастанцыі забяспечваюць «выпрацоўку энергіі, незалежную ад пагодных умоў, падтрымліваючы развіццё аднаўляльных крыніц энергіі і стабільнасць нацыянальнай энергасістэмы».
Праект АЭС рэалізуе дзяржаўная кампанія Polskie Elektrownie Jądrowe («Польскія атамныя электрастанцыі»). Ён прадугледжвае будаўніцтва трох рэактараў агульнай магутнасцю каля 3,75 ГВт. Мадэль фінансавання прадугледжвае спалучэнне ўласнага капіталу і пазыковых сродкаў пры падтрымцы айчынных і міжнародных устаноў. Паралельна вядзецца праца над другой АЭС. Як і ў выпадку першай станцыі, на другой плануецца выкарыстоўваць правераную тэхналогію вадзяных рэактараў вялікай магутнасці пакалення III+.
— Гарады Белхатаў і Конін (Bełchatów i Konin) застаюцца прыярытэтнымі месцамі размяшчэння — гэта рэгіёны з адпаведнай энергетычнай інфраструктурай і значным вопытам у вытворчасці электраэнергіі. Канчатковы выбар пляцоўкі зробіць інвестар пасля правядзення дэталёвага аналізу і палявых даследаванняў, — гаворыцца ў паведамленні.
Хто будзе будаваць АЭС? Разглядаюць прапановы ЗША, Францыі і Канады.
Будаўніцтва дзвюх АЭС лічыцца адной з найбуйнейшых прамысловых і тэхналагічных праграм, якія рэалізуюцца ў Польшчы за апошнія дзесяцігоддзі. Маштаб інвестыцый азначае тысячы кантрактаў для бізнесу, развіццё новых кампетэнцый, трансфер перадавых тэхналогій і стварэнне высокакваліфікаваных працоўных месцаў.
нг