У выданні Sieci аналітычны артыкул на тэму палітычнай сітуацыі ў Расіі. Палякі апасаюцца пуцінаўскай дзяржавы, якая стараецца адбудаваць свае ўплывы на постсавецкай прасторы. Ніхто не можа абяцаць, што пазней яна не ўздумае рухацца далей, у напрамку Германіі, як зрабіла гэта двойчы ў мінулым стагоддзі і ўзяла пад сваё панаванне іншыя краіны, у тым ліку Польшчу. У Расіі назіраецца настальгія па савецкай імперыі, новым акордам вяртання да імперскіх памкненняў стала спроба прадставіць пакт Молатава-Рыбентропа як гістарычна неабходны, які павінен быў перадухіліць Другую сусветную вайну (!).
Далей аўтар спрабуе апісаць патэнцыйную магчымасць змен у Расіі, калі б да ўлады прыйшлі дэмакратычныя сілы. Нават калі б так сталася і Расія вярнулася ў склад адносна свабодных і прававых дзяржаў, то Польшча і так хутчэй была б аб’ектам вялікай міжнароднай палітыкі, а не яе суб’ектам. Аднак гэта не азначае, што Польшча апынулася б у дрэннай пазіцыі. Лепш мець суседа, у якога няма імкнення заваяваць свет мілітарнымі інструментамі, чым такую Расію, як цяпер.
З пункту гледжання сённяшняга дня Расія проста не здольная прыняць мадэль дэмакратычнай дзяржавы ў яе ліберальным выглядзе. Расія ніколі не была дэмакратычнай дзяржавай, жыхары краіны не ўмеюць крытычна ацэньваць найноўшую гісторыю сваёй дзяржавы. Іншая справа, вельмі істотная, гэта вялізны тэрытарыяльны памер краіны і шматэтнічнасць. Цяжка сабе ўявіць, што ва ўмовах поўнай свабоды і дэмакратыі Расія была б у стане захаваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць.
Аўтар падсумоўвае свае разважанні сцвярджэннем, што калі Расія хоча далей існаваць у ранейшым выглядзе і форме, яна не можа адмовіцца ад улады моцнай рукі. Слабая проста не выжыла б. Ці гэта азначае, што вялікі сусед ніколі не памяняецца? Магчыма, так здарыцца, але гэта можа адбыцца або ў выніку вялікага ўзрушэння, або доўгай, вельмі доўгай спакойнай эвалюцыі. Пры ўмове аднак, што ніхто не будзе цынічна падаграваць фобіі і комплексы рускіх людзей.
нг