Gazeta Wyborcza нагадвае, што ў суботу Украіна і Расія абмяняліся 35 вязнямі. Масква вызваліла між іншым рэжысёра Алега Сянцова ўзамен за Уладзіміра Цемаха, аднаго з важнейшых сведкаў збіцця малайзійскага Боінга над Данбасам. У аэрапорт пад Кіевам прыбыў адмысловы самалёт з Расіі, а ў Внукава пад Масквой паляцеў украінскі. У машыне, якая ляцела ва Украіну, пасажыры рэагавалі па-рознаму. Адны плакалі, іншыя білі ў далоні. Перад прызямленнем ім запрапанавалі чарку ўкраінскай гарэлкі. На ўзлётна-пасадачнай паласе самалёт чакаў натоўп – сем’і, журналісты і прэзідэнт Зяленскі.
Сянцоў падзякаваў усім, хто змагаўся за вызваленне вязняў. І дадаў, што на гэтым барацьба не заканчваецца, да перамогі яшчэ далёка. Рэжысёр быў абвінавачаны ў Расіі ў тэрарызме, прыгавораны на 20 гадоў зняволення, правёў у турме 5 гадоў. Вярнуліся таксама 24 маракі, затрыманыя пасля захопу расійскімі войскамі трох украінскіх суднаў ваенна-марскога флоту. Самым малодшым сярод вызваленых украінцаў з’ўляецца 21-гадовы Павел Грыб, затрыманы на тэрыторыі Беларусі і патаемна вывезены ў Расію, дзе быў прыгавораны на 6 гадоў калоніі.
У суботу ва Украіне панавала радасць. Большасць каментатараў мяркуе, што вяртанне на радзіму ўкраінцаў – гэта поспех перамоўцаў. Аднак чуваць таксама галасы, што Украіна пайшла на надта вялікія саступкі адносна Расіі, гэта між іншым, перадача Маскве Цемаха.
нг