Беларуская Служба

Нарастае канфлікт паміж Расіяй і Балгарыяй

11.09.2019 14:21
Пачалося з выставы, прысвечанай гадавіне вызвалення Балгарыі ад нямецкіх захопнікаў, пазней разгарэўся шпіёнскі скандал.
Ілюстрацыйны здымакshutterstock

Рэзка пагаршаюцца расійска-балгарскія адносіны. Прычына – не толькі разыходжанні ў поглядах на гісторыю, але таксама арышты канкрэтных людзей – піша Rzeczpospolita. Газета балгарскіх камуністаў «Гордост» паведаміла, што ў сваім доме быў затрыманы адзін з сакратароў Нацыянальнага руху «Русафілы» Юрый Барысаў. Паралельна паліцыя арыштавала кіраўніка руху Ніколу Малінава. Абодвух абвінавачваюць у шпіянажы, пракуратура не паведаміла, у карысць каго.

Паліцыя пачала таксама дапытваць усіх членаў руху «Русафілы». Іх распытвалі, між іншым, пра супрацу з Расійскім інстытутам стратэгічных даследаванняў, якім кіруе былы кіраўнік расійскай разведкі Міхаіл Фрадкоў. Рух «Русафілы» быў заснаваны ў 2003 годзе, каб развіваць сяброўства і супрацу Балгарыі і Расіі. Затрыманы Малінаў два разы атрымаў ордэны ад Уладзіміра Пуціна.

Балгары праводзяць таксама маніфестацыі перад Расійскім культурна-інфармацыйным цэнтрам у Сафіі, дзе перад 9 верасня, калі ў камуністычнай Балгарыі адзначалі свята вызвалення ад фашызму, была адкрытая выстава пад назваю «Вызваленне Балгарыі». Супраць назвы востра пратэставала балгарскае МЗС. У заяве была адзначана «...нельга забываць, што савецкая армія прынесла народам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паўстагоддзя рэпрэсій». Расіяне памянялі назву на «Шлях да перамогі», але было ўжо позна. Помнік савецкім салдатам у Сафіі аблілі фарбай, а да будынку культурнага цэнтру прыйшлі дэманстранты. У сваю чаргу ў Маскве нота балгарскага МЗС выклікала рэзкую рэакцыю. Былы сенатар Турчынаў заклікаў неадкладна адклікаць рускага пасла з Балгарыі, а калі не папросяць прабачэння – парваць дыпламатычныя адносіны.

нг