Беларуская Служба

Выбары ў Беларусі: рэкордная яўка і рэкордныя парушэнні

19.11.2019 12:11
Паводле афіцыйных вынікаў, яўка на парламенцкіх выбарах у Беларусі склала рэкордныя 77,2%.
Аляксандр Лукашэнка PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

У новым беларускім парламенце не будзе аніводнага прадстаўніка апазіцыйных сілаў. Тым часам назіральнікі кажуць пра рэкордную колькасць выбарчых парушэнняў, паведамляе Міхал Патоцкі на старонках выдання Dziennik Gazeta Prawna.

Паводле каментатараў, вынікі парламенцкіх выбараў, якія закончыліся ў Беларусі ў апошнюю нядзелю, неверагодныя. Перш за ўсё гаворка ідзе пра яўку, якая паводле афіцыйных дадзеных, склала 77,2%, то бок была найвышэйшай у гісторыі парламенцкіх выбараў у Беларусі.

Паводле назіральнікаў, значная колькасць парушэнняў адбылася падчас датэрміновага галасавання, якое працягвалася з мінулага аўторка па суботу.

“Гэтыя выбары былі яшчэ горшыя, чым папярэднія”, - лічыць Уладзімір Лабковіч. Пра гэта, паводле праваабаронцы, сведчыць вялікая колькасць кандыдатаў, якім улады не дазволілі балатавацца на выбарах, мінімальная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях, а таксама татальныя парушэнні падчас датэрміновага галасавання.

“Гэта была самая непразрыстая кампанія ў гісторіі Беларусі,” – кажа Дзмітрый Кучук з Беларускай партыі “Зялёныя”.

Таксама міжнародныя назіральнікі лічаць, што выбары не выканалі дэмакратычных стандартаў.

Сярод 110 новых дэпутатаў большасць - прадстаўнікі наменклатуры.

“Скончыўся перыяд адноснай свабоды. Наступны будзе пры нагодзе прэзідэнцкай кампаніі”, - канстатаваў у суботу ўвечары апазіцыянер Мікалай Статкевіч.

Паводле каментатараў, абвастрэнне палітыкі бачнае ўжо сёння. У нядзелю назіральнікаў выкідвалі з выбарчых участкаў, а адзін з кандыдатаў быў затрыманы міліцыяй.

Аляксандр Лукашэнка назваў апазіцыйных назіральнікаў нацыстамі, якія пагражаюць бяспецы членаў выбарчых саветаў, а дзяржаўныя СМІ заклікалі ўвесці санкцыі супраць Польшчы за, маўляў, спробу ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс з боку беларускамоўнага канала Белсат, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз