Беларуская Служба

Каталонская гульня Уладзіміра Пуціна

26.11.2019 14:01
Іспанская Генпракуратура расследуе сувязі каталонскіх сепаратыстаў і расійскіх спецслужбаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:TheDigitalArtist/pixabay.com/CC0 Public Domain

Мадрыд падазрае, што Крэмль умешваўся ў рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі, паведамляе Rzeczpospolita.

Іспанская штодзёнка El Pais, спасылаючыся на крыніцы ў праваахоўных органах, паведаміла, што Генпракуратура расследуе сувязі паміж каталонскімі сепаратыстамі і расійскімі спецслужбамі. Расследаванне ў асноўным засяроджваецца на дзейнасці элітнага падраздзялення расійскай ваеннай разведкі „29155”.

Паводле дадзеных іспанскіх СМІ, у кастрычніку мінулага года былі затрыманыя два мужчыны - украінец і расіянін, якіх падазраюць у сувязях з афіцэрам ГРУ Дзянісам Сяргеевым, які таксама знаходзіцца пад следствам у Іспаніі.

У лютым міжнародная група журналістаў Bellingcat паведаміла, што Сяргееў знаходзіўся ў Барселоне 29 верасня 2017 года, то бок два дні да рэферэндуму аб незалежнасці ў Каталоніі і застаўся там да дня галасавання, то бок да 1 кастрычніка. Ён перасек мяжу з дакументамі на імя Сяргей Фядотаў.

Таксама амерыканская газета The New York Times паведамляла, што заходнія спецслужбы не менш за дзесяць гадоў сочаць за функцыянерамі расійскага падраздзялення „29155”, якія, паводле выдання, мелі дачыненне да спробаў дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове і Чарнагорыі.

Пры нагодзе чэрвеньскага саміту G20 у Японіі кіраўнік іспанскай дыпламатыі Жазэп Барэль наўпрост спытаў пра дзейнасць ГРУ ў Іспаніі ў міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова.

Шмат сведчыць пра тое, што Масква ўжо здавён актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцці Іспаніі.

Паводле газеты El Pais, паліцыя Мадрыда вядзе следства супраць Віктара Тэрадэласа - дарадцы лідара каталонскіх сепаратыстаў Карлеса Пучдэмонта, які ўцёк у Брусель. У кастрычніку 2017 года Тэрадэлас запэўніваў каталонскага палітыка ў тым, што ў выпадку аб’вяшчэння незалежнасці Каталоніі Уладзімір Пуцін падтрымае Барселону, паведамляе Rzeczpospolita.

аз