Беларуская Служба

Вядомы журналіст і тэлевядучы вырашыў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы

09.12.2019 16:55
Некаторыя параўноўваюць Шымана Галоўню з Уладзімірам Зяленскім.
Szymon Hołownia
Szymon HołowniaPAP/Adam Warżawa

Гарачай навіной у Польшчы з'яўляецца новы кандыдат на прэзідэнцкія выбары – вядомы журналіст і тэлевядучы Шыман Галоўня (Szymon Hołownia). Пра намер выставіць сваю кандыдатуру на выбарах 43-гадовы журналіст заявіў у нядзелю ў Гданьску ў Тэатры Шэкспіра, – чытаем аб гэтым на старонках выдання «Gazeta Wyborcza».

- Я буду хадайнічаць за гэтае працоўнае месца. Мяне не падтрымаюць ні партыйныя структуры, ні партыйныя грошы. У мяне – вы. Я за бліжэйшыя паўгоду хачу вам расказаць пра Польшчу маіх мараў, – падкрэсліваў Галоўня.

На сустрэчы ён спасылаўся на апытанні грамадскай думкі, паводле якіх 73% палякаў лічаць, што прэзідэнтам можа стаць кандыдат такаі як ён - не звязаны з ніякай палітычнай партыяй.

Галоўня абяцаў Польшчу, якая будзе клапаціцца пра 14 млн грамадзян, да якіх не даязджае ніякі грамадскі транспарт, а таксама будзе клапаціцца «пра транссексуальную дзяўчыну, якая кінулася ў Варшаве з мосту, бо не вытрымала здзекаў і насмешак знаёмых».

- Я хачу Польшчу, у якой кожны юрыдычны акт будзе разгледжаны з пункту яго ўплыву на паветра, зямлю, ваду.

Галоўня казаў, што будзе абараняць Польшчу, якая мае карані ў Еўропе, у якой добрыя адносіны з ЗША, і якая бачыць меншыя краіны па-суседску, а таксама будзе імкнуцца да спакойнага аддзялення Каталіцкай царквы ад дзяржавы. – Я пра гэта заяўляю як католік, – падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты Польшчы Шыман Галоўня.

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць у траўні 2020 г.

яс