Беларуская Служба

Адна з версій аб прычынах крушэння ўкраінскага самалёта - збіццё ракетай

10.01.2020 15:22
Самалёт выконваў планавы рэйс са сталіцы Ірана ў сталіцу Украіны.
Аўдыё
Месца крушэнняPAP/EPA/ABEDIN TAHERKENAREH

Пасля заяваў канадскіх і амерыканскіх уладаў Украіна змяніла сваю пазіцыю наконт прычын крушэння самалёта Боінг-737-800 украінскай грамадзянскай авіяцыі, які разбіўся ў сераду раніцай у Тэгеране.

Самалёт выконваў планавы рэйс са сталіцы Ірана ў сталіцу Украіны. Машына знікла з экранаў радараў неўзабаве пасля старту, на вышыні прыкладна двух з паловай тысяч метраў і разбілася, падаючы на зямлю непадалёк ад лётнішча ў Тэгеране. Сведкі трагедыі казалі, што бачылі, як самалёт гарэў яшчэ ў паветры. У выніку катастрофы загінулі ўсе пасажыры і члены экіпажу – агулам 176 чалавек.

Такія маштабныя авіякатастрофы не здараюцца часта ў грамадзянскай авіяцыі. Зразумела, неабходна высветліць усе прычыны трагедыі. Адказ на гэтае пытанне ўскладняе факт, што выпадак здарыўся ў дзень, калі Іран нанёс ракетныя ўдары па амерыканскіх базах у Іраку, што было помстай за забіццё амерыканцамі іранскага генерала Касема Сулеймані.

Па традыцыі расследаваннем прычын авіякатастрофы займаецца тая дзяржава, на тэрыторыі якой здарылася крушэнне, у дадзеным выпадку – Іран. Іранцы запрасілі ўдзельнічаць у следстве прадстаўнікоў Украіны, Канады і Швецыі (грамадзяне гэтых краін загінулі ў выніку катастрофы). Калі ў першыя гадзіны пасля трагедыі ўкраінскае пасольства ў Тэгеране выключала версію тэрарыстычнай атакі або ракетнага ўдару, то пазней украінскія ўлады вуснамі прадстаўніка Рады бяспекі дзяржавы заявілі, што адна з галоўных версіяў прычын здарэння – збіццё ракетай (верагодней за ўсё, іранскай ракетай расійскай вытворчасці). Гэтую версію лічаць таксама верагоднай Канада і ЗША, пра што казаў прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо.

- У нас ёсць доказы са шматлікіх крыніц, як ад нашай разведкі, так і саюзнікаў. Яны сведчаць аб тым, што самалёт быў збіты іранскай ракетай зямля-паветра. Магчыма, гэта было выпадковае здарэнне. Гэта паказвае, наколькі важнае стараннае расследаванне прычын.

Дадзеныя абвінавачанні рашуча адхіляюць прадстаўнікі Ірана. Старшыня іранскай камісіі па расследаванні прычын катастрофы Алі Абэзадэх на прэс-канферэнцыі паўтарыў сваю ўчарашнюю заяву, што самалёт не быў збіты ракетай.

- Прычына катастрофы яшчэ невядомая. Аднак, як мы заяўлялі раней, машына не была збітая якім-колечы баявым снарадам. Неабходна адказаць на пытанне, чаму на борце самалёта здарыўся пажар.

Украінская пракуратура звярнулася да Канады з просьбаю перадаць ёй усю даступную канадцам інфармацыю і доказы на тэму прычын крушэння самалёта, каб украінцы маглі правесці сумленнае следства. Украінскія ўлады стараюцца захоўваць стрыманасць у сваіх выказваннях, – перадае карэспандэнт Польскага радыё Павел Бушко.

- Прэзідэнт Зяленскі заявіў, што версія пра збіццё Боінга ракетай верагодная, але пакуль не хапае на гэта доказаў. Украіна звярнулася да ўрадаў Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі і Канады з просьбаю перадаць ёй даступныя доказы. Пра тое, што машына была збіта іранскай ракетай, казалі ўчора прэм’ер-міністр Канады і прэзідэнт ЗША. У Іране працуе следчая група ўкраінскіх спецыялістаў, у склад якой уваходзіць 45 чалавек.

Польскія ўлады чакаюць развіцця падзей на Блізкім усходзе, не забываючы, што Польшча – член НАТА і блізкі саюзнік Злучаных Штатаў Амерыкі. Міністр замежны спраў Яцэк Чапутовіч супакойвае, што відаць імкненне палітыкаў зняць напружанне, аб чым сведчыць выступленне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, у якім не было словаў пра далейшыя ваенныя дзеянні супраць Ірана.

- Гэта таксама прапанова ў напрамку Ірана, каб ён спрабаваў зірнуць на сітуацыю ў больш шырокай перспектыве, каб на Блізкім Усходзе не было ваенных дзеянняў. Так што з пункту гледжання Польшчы гэта добры напрамак развіцця сітуацыі.

Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў падчас прамовы ў Белым доме, што Іран ідзе на саступкі ў супрацьстаянні з ЗША. І дадаў, што не дапусціць, каб іранцы распрацавалі ўласную атамную зброю. Словы Трампа наконт прычын крушэння ўкраінскага самалёта таксама былі менш вострыя, чым выказванне прэм’ер-міністра Канады. Прэзідэнт ЗША казаў, праўда, пра збіццё машыны ракетай, але націскаў на тое, што гэта была памылка.

Тым ня менш, калі ўчора здавалася, што эскалацыя напружання на Блізкім Усходзе ўжо пакрысе змяншаецца, цяпер сітуацыя зноў абвастрылася, калі паявіліся абвінавачанні з боку амерыканскіх і канадскіх службаў наконт збіцця ўкраінскага самалёта іранскай ракетай.

нг