Беларуская Служба

У Іране прайшлі пратэсты пасля таго, як улады прызналіся, што ўкраінскі самалёт быў збіты іранскай ракетай

13.01.2020 13:07
Дэманстрацыі паказваюць, што супраціў адносна іранскіх уладаў у грамадстве нарастае.
   , , 11.01.2020
Іранцы згадваюць ахвяр авіякатастрофы, Тэгеран, 11.01.2020фота: EPA/ABEDIN TAHERKENAREH

Нечаканыя наступствы катастрофы – пад такім загалоўкам Rzeczpospolita друкуе артыкул пра сітуацыю ў Іране пасля збіцця пад Тэгеранам украінскага самалёта грамадзянскай авіяцыі. Праз некалькі дзён аспрэчвання ўлады Ірану прызналіся, што самалёт быў збіты іранскай ракетай, запушчанай у сераду, калі адбываліся атакі на амерыканскія ваенныя базы ў Іраку, што было помстай за забіццё іранскага высокапастаўленага генерала Сулеймані.

Інфармацыя пра тое, што іранскае войска нясе адказнасць за смерць 176 чалавек, выклікала хвалю абурэння ў Іране. Дэманстрацыі паказваюць, што супраціў адносна іранскіх уладаў у грамадстве нарастае. Палова загінулых пасажыраў самалёта – гэта былі грамадзяне Ірану, шмат іранцаў было таксама сярод грамадзянаў Канады, якія знаходзіліся ў машыне.

Настрой грамадства рэзка змяніўся. Калі пасля забойства Касема Сулеймані на вуліцы выхадзілі тысячы людзей, каб пратэставаць супраць Злучаных Штатаў, дык цяпер дэманстрацыі абярнуліся супраць іранскіх улад. У Тэгеране пратэст студэнтаў быў разагнаны паліцыяй, невядома, ці былі ахвяры.

Улады Ірану яшчэ не прыйшлі ў сябе пасля хвалі пратэстаў у лістападзе, выкліканай рэзкім павышэннем цаны на паліва. Тады ў краіне на адзін тыдзень цалкам адключылі інтэрнэт, каб свет не даведаўся пра пратэсты і разгоны дэманстрацыяў. Цяпер пратэстуючыя таксама баяцца, што ўлады пастараюцца прыхаваць праўду пра збіццё ўкраінскага самалёта. Акрамя таго, у дзяржаве неспакойна таксама ў выніку эканамічных праблем Ірану.

Анджэй Ламаноўскі/нг