Беларуская Служба

Забойства ў Катыні – прыклад сітуацыі, калі палітыкам прыходзілася працаваць з ілжывай інфармацыяй

25.02.2020 15:17
Вясной 1940 года супрацоўнікі савецкага НКУС расстралялі каля 22 тыс. польскіх ваеннапалонных.
Аўдыё
Krzyż Katyński. Cmentarz Wojskowy na Powązkach w Warszawie
Krzyż Katyński. Cmentarz Wojskowy na Powązkach w WarszawieNAC/domena publiczna

Катынь з’яўляецца адным з сімвалаў польскай мартыралогіі і сведчаннем жахлівага злачынства Савецкага Саюза супраць польскага народа. Вясной 1940 года супрацоўнікі НКУС расстралялі ў Катынскім лесе пад Смаленскам каля 22 тыс. польскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон пасля нападзення СССР на Польшчу ў верасні 1939 г.

Смяротны прысуд польскім жаўнерам вынес сам Іосіф Сталін на тайным пасяджэнні Палітбюро ЦК ВКП(б). Гісторыкі дагэтуль выбудоўваюць розныя версіі, што стала галоўнай прычынай такога рашэння – знішчыць польскі афіцэрскі корпус. У яго ўваходзілі галоўным чынам афіцэры запасу, якія ў мірным жыцці былі лекарамі, юрыстамі, выкладчыкамі, інжынерамі. У красавіку 1943 года свет даведаўся, што ў лесе пад Смаленскам немцы адкрылі братнія магілы з парэшткамі польскіх афіцэраў, забітых стрэлам у галаву. Гітлераўская прапаганда намагалася пры дапамозе катынскай справы выклікаць раскол у лагеры саюзнікаў. Крэмль, зразумела, усё аспрэчваў, завяраючы, што палякаў забілі немцы.

Менавіта гэтаму пытанню прысвяціў сваю кнігу нямецкі журналіст і публіцыст Томас Урбан, назваўшы яе «Катынь – злачынства і прапагандысцкая барацьба вялікіх дзяржаў». Манаграфія нядаўна была выдадзена ў Польшчы. Аўтар адзначае, што Катынскае злачынства стала выключна нязручнай справай у адносінах паміж Савецкім Саюзам і заходнімі дзяржавамі, паколькі Польшча была членам антыгітлераўскай кааліцыі.

- У 1943 годзе гэта было вельмі важнае пытанне. Міністр прапаганды Нямеччыны Гебельс заявіў, што гэта было злачынства НКУС – савецкі бок знішчыў афіцэрскі корпус аднаго з саюзнікаў.

Савецкая прапаганда пераконвала, што злачынства здзейснілі немцы, а нямецкая прапаганда імкнулася пераканаць улады магутных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі – між іншым Вялікабрытаніі і ЗША, што за забойства палякаў адказвае Сталін. Польскія гісторыкі як правіла мяркуюць, што брытанцы, амерыканцы ці французы з самага пачатку здагадваліся, хто расстрэльваў польскіх афіцэраў. Томас Урбан з гэтым не пагаджаецца.

- Я не згодны з гэтым тэзісам, які распаўсюджаны ў Польшчы. Я вывучыў тысячы амерыканскіх дакументаў і, на маю думку, у Белым доме сапраўды верылі, што гэта было злачынства немцаў. Дарэчы, у іх не было вялікай магчымасці манеўраваць. Сталін быў важным саюзнікам Захаду – на палітычным, на ваенным узроўні. Немагчыма было выйграць вайну без Сталіна.

Акрамя таго, Савецкі Саюз быў вельмі актыўны на полі прапагандысцкай дзейнасці. Напрыклад, савецкае МЗС запрасіла заходніх карэспандэнтаў у Катынь, і журналісты паверылі ў словы саветаў, – нагадвае Томас Урбан.

- Ім паказалі адкрытыя магілы, і карэспандэнты напісалі, што сапраўды, гэта выглядае на справу нямецкіх рук. Яны так меркавалі, паколькі раней бачылі іншыя месцы нямецкіх злачынстваў, напрыклад, у Бабіным Яры, дзе не было сумненняў, што забівалі немцы. Пасля вайны СССР развіў вялікую актыўнасць, каб уплываць на Нюрнбергскі працэс, была кампанія ў прэсе. Наіўныя заходнія карэспандэнты, а таксама інфарматары, агенты ўплыву Камінтэрну паўтаралі версію, што гэта былі немцы. Заходні друк гэта ўсё апублікаваў.

Пасля вайны тэма Катынскага злачынства ў Польшчы ды Савецкім Саюзе замоўчвалася, афіцыйная савецкая гістарыяграфія трымалася версіі, што забойства здзейснілі нямецкія фашысты. Польскія гісторыкі правялі дакладныя даследаванні тэматыкі і ніхто цяпер не мае сумненняў наконт выканаўцаў. А вось у Расіі паяўляюцца галасы рэвізіяністаў, якія зноў пачынаюць пераконваць, што польскіх афіцэраў забілі немцы. Наш госць задаў бы ім важнае пытанне.

- Калі сапраўды забівалі палякаў немцы, то чаму ў часы Савецкага Саюза гэта была дзяржаўная таямніца? Калі забойцамі былі немцы, трэба было апублікаваць усё. У Вялікай савецкай энцыклапедыі не было згадкі пра Катынь. У сталінскай энцыклапедыі яшчэ быў артыкул, у якім гаварылася, што палякаў забілі немцы, а пазней тэкст прыбралі. У '45 годзе ў савецкія рукі трапілі ўсе дакументы з міністэрства абароны Германіі, з нямецкага МЗС, з Гестапа. Яны ляжаць у Маскве. Да гэтага часу ніводзін савецкі вучоны не знайшоў ніводнага дакументу, які мог бы даказаць, што злачынства здзейснілі немцы. Трэба сказаць, што Катынь – вельмі важная тэма для палякаў. Палякі і расіяне – суседзі, неабходна да канца высветліць усе спрэчныя пытанні, бо інакш заўсёды нешта будзе (дрэнна – рэд.) паміж суседзямі.

Па словах нямецкага публіцыста, забойства ў Катыні – гэта прыклад сітуацыі, калі палітыкам прыходзілася працаваць з ілжывай інфармацыяй. Так што фэйк – выдумка далёка не нашых часоў. А госцем нашай перадачы быў Томас Урбан, аўтар кнігі пра Катынскае злачынства.

размаўляў Назар Алейнык/нг

на здымку - Катынскі крыж, ваенныя могілкі, Павонзкі, Варшава