Беларуская Служба

Адбыліся дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы (ФОТА)

18.06.2020 11:03
Гэта былі другія дэбаты перад сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі. Першыя - з удзелам 10 кандыдатаў - адбыліся 6 траўня.
     .
Адбыліся дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы.PAP/Paweł Supernak

Учора ў сядзібе грамадскага Польскага тэлебачання прайшлі прэзідэнцкія дэбаты. Цягам 80 хвілін 11 кандыдатаў, якія прэтэндуюць на пасаду прэзідэнта Польшчы, адказвалі на пытанні, датычныя, між іншым, перасялення бежанцаў, вакцынацыі супраць каранавіруса, партнёрскіх адносін, увядзення еўра і г.д. Напрыканцы сустрэчы кожны кандыдат атрымаў хвіліну на свабодны выступ.

Прэзідэнт Анджэй Дуда, які прэтэндуе на перавыбары, заявіў, што апошнія пяць гадоў былі добрым часам для Польшчы. Ён пералічыў уведзеныя за гэты час рашэнні, у тым ліку сацыяльныя праграмы кіроўнай партыі „Права і справядлівасць”.

Кіраўнік польскай дзяржавы пераконваў, што палякі сталі жыць лепш. „На жаль, пачалася эпідэмія каранавіруса. Узніклі эканамічныя праблемы. Мы запусцілі „Антыкрызісны шчыт”, каб захаваць працоўныя месцы”, - нагадаў Дуда.

„Мае абавязацельствы вельмі сур'ёзныя, але вы ведаеце, што я ўспрымаю свае абавязкі сур'ёзна. Мы выйдзем з крызісу і вернемся на шлях добрага развіцця”, - сказаў Анджэй Дуда.


Прэзідэнт Анджэй Дуда. PAP/Paweł Supernak Прэзідэнт Анджэй Дуда. PAP/Paweł Supernak

Прэзідэнт станоўча ацаніў прэзідэнцкія дэбаты, якія, паводле яго, дазволілі на абмен думкамі.

Я рады ўдзелу ў іх. Гэта чарговая нагода для абмену думкамі і прэзентацыі праграм. Хто перамог у дэбатах ? – пра гэта вырашаць гледачы (кожны ў сваім доме, пасля размовы з членамі сям’і). Я асабіста задаволены сустрэчай. Лічу, што сказаў тое, што прэзідэнт дзяржавы ў гэткай сітуацыі павінен быў сказаць. Таму, паводле мяне, гэта была добрая сустрэча.  

Вядучы канкурэнт прэзідэнта Анджэя Дуды, кандыдат ад „Грамадзянскай кааліцыі” Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski) пераконваў, што сёння Польшчы неабходны моцны прэзідэнт.


Рафал Тшаскоўскі PAP/Paweł Supernak Рафал Тшаскоўскі PAP/Paweł Supernak

„Той, хто глядзіць уладзе на рукі, той, хто задае складаныя пытанні. Цалкам незалежны прэзідэнт. Прэзідэнт, які стымулюе ўрад дзейнічаць, калі той не працуе. Сёння нам патрэбен такі прэзідэнт. Таксама прэзідэнт, які паважае свой подпіс. Сёння нам таксама трэба стварыць супольнасць, у якой мы спрабуем зноў размаўляць адзін з адным”, - сказаў Рафал Тшаскоўскі.

Сёння Польшчы неабходны моцны прэзідэнт. Няма згоды на парушэнне канстытуцыі і падпарадкаванне ўсіх незалежных органаў улады.

У сваю чаргу, беспартыйны кандыдат Шыман Галоўня (Szymon Hołownia) пераконваў, што партыйныя кандыдаты на пасадзе прэзідэнта застаюцца залежнымі ад сваіх арганізацый.


Шыман Галоўня PAP/Paweł Supernak Шыман Галоўня PAP/Paweł Supernak

„Гэта як заручальны пярсцёнак: калі хто-небудзь зніме яго на некаторы час, то гэта не адмяняе шлюбу”, - сказаў Галоўня. „Па аналогіі адбываецца і ў выпадку палітыкаў: калі Анджэй Дуда або Рафал Тшаскоўскі хаваюць свае партыйныя лагатыпы, то і так застаюцца вернымі сваім палітычным сем'ям. Я таксама застануся лаяльным у дачыненні да сваёй палітычнай сям'і – выбаршчыкаў”, - аб’яцаў Шыман Галоўня.

Падсумоўваючы прэзідэнцкія дэбаты, ён заявіў , што быў крыху здзіўлены пытаннямі.

На самой справе, гэта не былі сапраўдныя дэбаты. Гэта кароткія выступленні кандыдатаў, якія могуць коратка сказаць, што яны думаюць пра розныя справы. Гэткіх дэбатаў нельга выйграць, іх можна не прайграць, і я спадзяюся, што мне гэта ўдалося. Шчыра кажучы, мне здзівілі пытанні. Я разумею, што журналісты могуць пытаць пра што заўгодна, але яны не закраналі сапраўдных праблемаў Польшчы. Гэта былі пытанні, якія павінны былі паказаць разнагалоссі паміж намі.  

Сумневы наконт характару прэзідэнцкіх дэбатаў выказаў таксама кандыдат ад „Польскай кааліцыі” Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz). Ён канстатаваў, што дыскусія была „дзіўная”.


Уладзіслаў Касіняк-Камыш PAP/Paweł Supernak Уладзіслаў Касіняк-Камыш PAP/Paweł Supernak

Не закраналіся найважнейшыя для Польшчы праблемы, напрыклад, адукацыя ці энергетычная бяспека краіны, абарона дзяржавы, армія. На жаль, бо гэты час можна было выкарыстаць больш эфектыўна. Было шмат малаважных пытанняў. Можна сказаць, што гэта быў працяг вайны паміж апазіцыйнай „Грамадзянскай платформай” і кіроўнай партыяй „Права і справядлівасць”, якія надалей плануюць прысвойваць Польшчу і толькі абменьвацца прэзідэнтамі – раз з адной, раз другой партыі. Гэта трэба спыніць, і ёсць на гэта шанец 28 чэрвеня.

Падчас дэбатаў, кандыдат ад кааліцыі Польскай сялянскай партыі і руху Kukiz15 звяртаў  увагу на неабходнасць  аб’яднання палякаў. Паводле яго, з-за канфліктаў і падзелаў у грамадстве бяспека краіны апынулася пад пагрозай.

„Мяне не цікавяць спрэчкі ці палітычная вайна, у якую нас уцягваюць. 28 чэрвеня мы можам гэта спыніць. Польшча сёння павінна пераадолець крызісы ў трох галінах: ахове здароўя, эканоміцы і палітыцы”, - пераконваў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.    

У сваю чаргу, кандыдат ад Левых сілаў Роберт Бедрань (Robert Biedroń) лічыць, што пераможца прэзідэнцкіх дэбатаў стане вядомым 28 чэрвеня.


Кандыдат „Левых сілаў” лідар „Вясны” Роберт Бедрань і Міраслаў Піятроўскі. PAP/Paweł Supernak Кандыдат „Левых сілаў” лідар „Вясны” Роберт Бедрань і Міраслаў Піятроўскі. PAP/Paweł Supernak

Цяпер усё ў руках выбаршчыкаў. Сёння мы размаўлялі пра Польшчу і аказваецца, што я – адзіны кандыдат - гарант змены. Калі мы ўжо не хочам выбіраць паміж меншым і большым злом, то трэба ўвесці сур’ёзную змену. Згаданая змена – гэта выбары, якія я прапаную, то бок вырабы, якія робяць стаўку на будаўніцтва таннага жылля, будаўніцтва завода па вытворчасці сонечных батарэяў, замест імпарту таннага вугалю, інвестыцыі ў шпіталі і ахову навакольнага асяроддзя.  

У прэзідэнцкіх дэбатах прынялі ўдзел 11 кандыдатаў на галоўную пасаду ў краіне. Акрамя цытаваных прэзідэнта Анджэя Дуды, Рафала Тшаскоўскага, Шымана Галоўні, Уладзіслава Касіняка-Камыша і Роберта Бедраня, у дыскусіі ўдзельнічалі таксама кандыдат ад „Канфедэрацыі” Кшыштаф Босак (Krzysztof Bosak), Павел Танайна (Paweł Tanajno), Марэк Якубяк (Marek Jakubiak), Станіслаў Жултак (Stanisław Żółtek), Міраслаў Пятроўскі (Mirosław Piotrowski) і Вальдэмар Віткоўскі (Waldemar Witkowski).

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 28 чэрвеня. Другі тур - калі спатрэбіцца - 12 ліпеня. Палякі будуць выбіраць прэзідэнта як шляхам традыцыйнага галасавання на выбарчых участках, так і дыстанцыйна, то бок „па пошце”.

Гэта былі другія дэбаты перад сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі. Першыя - з удзелам 10 кандыдатаў - адбыліся 6 траўня, то бок перад першапачатковай датай выбараў 10 траўня. Аднак з-за эпідэміі галасаванне не адбылося. Было прынятае рашэнне аб правядзенні выбараў прэзідэнта ў іншым тэрміне. Гэта дазволіла выбарчым камітэтам вылучыць новых кандыдатаў. Такім чынам адбылося, напрыклад, у выпадку „Грамадзянскай кааліцыі”: Малгажату Кідаву-Блоньскую (Małgorzata Kidawa-Błońska) замяніў мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.  

аз