Беларуская Служба

Зазулінская: Мы павінны стварыць інструмент доўгатэрміновай падтрымкі беларусам за мяжой

25.11.2025 16:45
Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі спрабуе аказваць дапамогу ў адаптацыі беларусам, якія па палітычных прычынах былі вымушаныя з'ехаць з краіны.
Аўдыё
  • Аб'яднаны Пераходны Кабінет пра праграмы сацыяльнай і адукацыйнай падтрымкі
Брыфінг Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў Варшаве@tsikhanouskaya

Чарговы год тысячы беларусаў жывуць у вымушанай эміграцыі. Шмат хто з іх спрабуе ўладкавацца ў суседніх Польшчы ды Літве. Дапамогу ў адаптацыі беларусам спрабуе аказваць Аб'яднаны Пераходны Кабінет на чале з Святланай Ціханоўскай. Пра некаторыя аспекты гэтай дапамогі распавялі прадстаўнікі Кабінета падчас панядзелкавага брыфінгу ў Варшаве.

За мяжой беларусы сутыкаюцца з праблемамі як сацыяльнага характару, так і адукацыйнага. Да сацыяльных пытанняў адносяцца справы звязаныя са складанасцю працаўладкавання, атрымання сацыяльнай дапамогі ды выплаты пенсій.

У адказ на пытанне пра лёс палітзняволеных пенсіянераў, якія ў эміграцыі не маюць магчымасці атрымліваць пенсію, пазбаўленыя рэжымам Лукашэнкі, прадстаўніца Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская распавяла пра намаганні аказваць людзям дадатковую падтрымку.

— Мы павінны разумець, што цягам апошніх двух год у Беларусі застаецца 1300 палітзняволеных. Больш за 3 тысячы чалавек выйшлі на свабоду пасля зняволення. Яшчэ ёсць спісы людзей, якія нідзе не публікуюцца. У супрацы з праваабаронцамі мы падрыхтавалі рэсурсы, каб прыняць частку вызваленых людзей. Аднак сёння рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, патрэбы растуць, бо пераслед закранае ўсё шырэйшае кола людзей. Доўгатэрміновая падтрымка – заўсёды пытанне рэсурсаў, мы працуем з урадамі еўрапейскіх краін і кажам, што ёсць неабходнасць, каб нашы пенсіянеры атрымлівалі б мінімальную сацыяльную пенсію ў месцы іх фактычнага знаходжання. Разам з тым мы не павінны здымаць з сябе адказнасць. Беларусы, якія працуюць, уладкаваныя, могуць дапамагчы тым, хто апынуўся ва ўразлівай сітуацыі. Мы павінны сёння стварыць інструмент доўгатэрміновай падтрымкі. У нас ёсць Міжнародны гуманітарны фонд, а цяпер патрэбны Фонд сацыяльнай дапамогі для пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, самотных маці і тат, дзяцей з цяжкімі захворваннямі.   

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павал Латушка распавёў, што ў бліжэйшыя дні рыхтуецца сустрэча з польскімі чыноўнікамі па пытаннях пенсійнага забеспячэння для ўцекачоў з Беларусі.

— Аб’яднаны Пераходны Кабінет у супрацы з міністэрства па сацыяльнай палітыкі Польшчы ладзіць інфармацыйную сустрэчы ва Установе сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS) па пытаннях пенсійнай сацыяльнай дапамогі беларусам.

Таксама Кабінет шукае падтрымку для адукацыйных праектаў для беларусаў за мяжой, у тым ліку і для навучання беларускай мовы. Гаворыць прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павал Баркоўскі.

— У Польшчы сітуацыя для беларусаў добрая тым, што тут ёсць беларуская меншасць, што дазваляе мець некаторыя адукацыйныя праекты на беларускай мове. Праблемай застаецца тое, што дадзенымі рэсурсамі не могуць карыстацца мігранты, якія прыехалі па выніку крызісу. Мы абмяркоўваем праекты дапамогі беларускім нефармальным ініцыятывам – школам выходнага дня, якія прапануюць фарматы працы з беларускімі дзецьмі на беларускай мове, каб яны маглі атрымліваць некаторыя прадметы на беларускай мове. На жаль пакуль не стае сістэмных крокаў і няма магчымасці адчыніць беларускую школу ў Варшаве, па прыкладзе гімназіі Скарыны ў Вільні. Таму прапрацоўваюцца дадатковыя варыянты падтрымкі.   

У рамках сацыяльнай палітыкі Кабінета дапамога аказваецца не толькі палітвязням, але і беларусам ветэранам вайны ва Украіне, дадала Вольга Зазулінская.

— У Польшчы ды Літве ўжо ёсць арганізацыі, якія працуюць з былымі добраахвотнікамі, з ветэранамі па гуманітарнаму трэку. Гэта аднаўленне здароўя і псіхалагічная падтрымка, дапамога сем’ям загінулых добраахвотнікаў. Мы з імі супрацоўнічаем.

Беларусы працягваюцца змагацца ва Украіне супраць расійскай агрэсіі, распавёў  прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук.

— Для нас важна тое, што беларусы, хоць і ў адносна невялікай колькасці прадстаўленыя ва Украіне, дзякуючы гэтым ахвярным хлопцам і дзяўчатам, якія змагаюцца ў складзе розных падраздзяленняў, у першую чаргу палка Каліноўскага, украінскае грамадства змяніла стаўленне да беларусаў. Яны разумеюць, што ёсць рэжым Лукашэнкі, ёсць дэмакратычныя беларусы.  Адносіны паміж Кабінетам і добраахвотнікамі розныя, але працягваецца акумуляцыя рэсурсаў і дапамога добраахвотнікам.

Пра гэта ішла размова 24 лістапада ў Варшаве на брыфінгу з удзелам кіраўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Юры Ліхтаровіч