Беларуская Служба

Польшча завяршае выбарчую кампанію 

26.06.2020 17:22
Апоўначы ў краіне распачынаецца перадвыбарчая цішыня, а ўжо ў нядзелю крыху больш за 30 млн выбарцаў вырашаць, хто стане новым кіраўніком дзяржавы.
Аўдыё
  • Як і падчас кожнай выбарчай кампаніі ўжо вядомыя фаварыты сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. Аднак пэўнасці, чым жа яна закончыцца няма ніякай.
  : .-, . , .   .
З левага боку: У.Касіняк-Камыш, Ш. Галоўня, Р. Тшаскоўскі і К. БосакPAP/Mateusz Marek

У пятніцу, 26 чэрвеня, апошні дзень прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Апоўначы ў краіне распачынаецца перадвыбарчая цішыня, а ўжо ў нядзелю крыху больш за 30 млн выбарцаў вырашаць, хто стане новым кіраўніком дзяржавы.

Першапачаткова планавалася, што прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 11 траўня, аднак эпідэмія каранавіруса Sars-Cov-2 прымусіла ўлады краіны адмовіцца ад гэтага тэрміна і правесці галасаванне ў нядзелю, 28 чэрвеня. Яно пройдзе, як традыцыйным шляхам,так і па пошце.

На прэзідэнцкіх выбарах балатуецца 11 кандыдатаў, усе мужчыны. Пачаткова кандыдатам ад самай буйной апазіцыйнай сілы Польшчы лева-ліберальнай «Грамадзянскай кааліцыі» была намесніца старшыні Сейму Малгажата Кідава-Блоньска. Аднак 15 траўня яна заявіла, што адмаўляецца ад сваёй кандыдатуры, а яе месца заняў мэр Варшавы 48-гадовы Рафал Тшаскоўскі. Менавіта ён лічыцца асноўным канкурэнтам цяперашняга прэзідэнта Польшчы Анджэй Дуды за якім стаіць «Аб’яднаныя правыя сілы» пад кіраўніцтвам кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць».

 

Прэзідэнт Анджэй Дуда падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі асаблівую ўвагу надаваў гаспадарчым дасягненнем урада Матэвуша Маравецкага, прыпісваючы сабе дасягненні гэтага кабінета, а прэм'ер быў моцна заангажаваны ў кампанію прэзідэнта.

Анджэй Дуда пастаянна дэклараваў абяцанне захаваць існуючыя і ўвесці новыя сацыяльныя праграмы для насельніцтва. За пяць гадоў кіравання «Права і справядлівасці» такіх было ўведзена нямала. У сваёй выбарчай праграме, у выпадку пераабрання прэзідэнт абяцае:

-Захаваць праграму «500 плюс», 13-ую пенсію і г.д.

-Давесці выдаткі на сістэму аховы здароўя да 6 % ВУП ужо ў 2024 годзе

-Працягваць і паглыбляць праграмы барацьбы з забруджваннем паветра.

Варта падкрэсліць, што пералічаная ініцыятывы ў той ці іншай ступені ўжо рэалізоўваюцца ўрадам «Права і справядлівасці».

Пад канец выбарчай гонкі Анджэй Дуда нечакана звярнуўся да тэмы грамадскіх нораваў. Анджэй Дуда прэзентаваў «Карту сям’і» – набор перадвыбарчых абяцанняў, датычных сямейнай палітыкі. Адным з пунктаў якой стала «абарона ад ідэалогіі ЛГБТ». Прэзідэнт пайшоў далей і заявіў, паўтараючы словы аднаго з дэпутатаў «Права і справядлівасці», што «ЛГБТ – гэта не людзі, а ідэалогія».

Некаторыя палітычныя аглядальнікі тлумачаць гэты рэзкі крок прэзідэнта барацьбой за скрайне правы электарат, інтарэсы якога, прадстаўляе 38-гадовы кандыдат нацыяналістычнай «Канфедэрацыі» Кшыштаф Босак. Ён пазіцыянуе сябе, як сапраўднага кансерватара, адсюль вынікаюць яго праграмныя абяцанні.

Кшыштаф Босак абяцае забяспечыць поўную эканамічную свабоду. На ягоную думку, «канстытуцыя павінна рэальна гарантаваць свабоду прыватнай ініцыятывы грамадзянаў і аднавіць у Польшчы эканамічную свабоду». «Неабходна ўвесці норму аб тым, што прадпрымальнік мае поўную свабоду ў выбары калегаў, контрагентаў, супрацоўнікаў і кліентаў ».

Кшыштаф Босак у сваёй кампаніі засяродзіўся, сярод іншага, на павелічэнне суверэнітэту Польшчы, на вострым еўраскептыцызме:

-Адзінай палітычнай сілай, якая сапраўды разважае ў катэгорыях поўнага аднаўлення суверэнітэту Польшчы з’яўляецца наша «Канфедэрацыя». Мы заўжды гаварылі пра нашыя мэты сумленна і адкрыта.

Чарговым заўважальным кандыдатам, які ў пэўным сэнсе знаходзіцца на правым баку палітычных каардынатаў стаў 38-гадовы лекар, старшыня Польская сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Польская сялянская партыя зараз перажывае трансфармацыю ад традыцыйнай партыі вёскі, да сучаснай еўрапейскай агульнанацыянальную палітычнай сілы. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў выбарчай праграме Уладзіслава Касіянка-Камыша. Сярод іншага кандыдат Сялянскай партыі прапаноўвае:

- Павялічыць выдаткі на ахову здароўя да 6,8% ВУП

-Павялічыць зарплаты работнікаў медустаноў на 30%

-Увесці нулявы падатак на дадзеную вартасць для здаровых экалагічных прадуктаў харчавання

-Увесці датацыю ў памеры 11 тысяч еўра для маладых прадпрымальнікаў на пачатак іх гаспадарчай дзейнасці.

Павольна перасоўваючыся на левы бок польскай палітычнай сцэны сустракаем асноўнага апанента прэзідэнта Дуды – мэра Варшавы Рафал Тшаскоўскага.

Рафал Тшаскоўскі балатуецца пад лозунгам «Моцны прэзідэнт, агульная Польшча». Яго праграма заснавана на трох асноўных пастулатах:

-Лакальныя інвестыцыі

-Івестыцыі ў чыстае паветра.

-Роўныя для ўсіх шанцы на рынку працы.

На думку кандыдата «Грамадзянскай кааліцыі» Рафала Тшаскоўскага, Польшчы сёння не патрэбныя вялікія інвестыцыі, якія актыўна прасоўвае ўрад «Права і справядлівасці». У сваёй праграме Тшаскоўскі абяцае стварыць цэнтры мясцовага развіцця ў кожным горадзе краіны. Мясцовыя жыхары самі павінны вырашыць, што ў гэтых цэнтрах будзе:

-Мы прапануем абсалютна новы прынцып інвестыцыяў – «інвестыцыі тут, за вуглом». Першая прапанова – цэнтры мясцовага развіцця. Вы будзеце вырашаць, што там павінна быць. Нам патрэбныя менавіта такія інвестыцыі!

Калі можна так сказаць «навінкаю» гэтай выбарчай кампаніі стаў чалавек мноства талентаў. Журналіст, тэлевядоўца, аратара, аўтар кніг на рэлігійную тэматыку – 43 гадовы Шымон Галоўня.

Галоўня з’явіўся ў палітыцы толькі напрыканцы 2019 года і адразу стаў адным з самых заўважальных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Польшчы.

Шымон Галоўня – гэта пазасістэмны кандыдат. Ён у значнай ступені збірае электарат пратэсту, які стаміўся ад дуаполю ўлады: «Права і справядлівасць» vs «Грамадзянскай платформа».

Галоўня ў сваёй праграме сканцэнтраваўся на чатырох абшарах: нацыянальнай бяспецы, абароне клімату, сацыяльнай салідарнасці і нізавой ініцыятыве грамадзянаў.

У сваю чаргу, «Левыя сілы», якія на апошніх парламенцкіх выбарах адзначыліся значным поспехам і занялі трэцяе месца, прадстаўляе адкрыты гей, колішні мэр Слупску Роберт Бедрань. Магчыма, што менавіта гэты кандыдат бліжэй ад ўсіх астатніх да Беларусі, бо менавіта Роберт Бедрань узначальвае Дэлегацыю Еўрапейскага парламента па Беларусі.

Будучы вядомым польскім палітыкам, адным з лідараў вялікай парламенцкай фракцыі «Левых» Бедрань ня раз наведваў акцыі салідарнасці з Беларуссю. У тым ліку адну з апошніх, якая адбылася днямі каля Амбасады Беларусі ў Варшаве.

Аднак вяртаючыся да ўнутранай палітыкі Польшчы, Бедарнь, у выпадку, сваё перамогі абяцае легалізаваць партнёрскія саюзы:

-Гэтая справа нікога не крыўдзіць, але многім дае шчасце. Я кажу гэта, як былы мэр гораду, які надаў некалькі соцень шлюбаў. Ведаю, што такое дзяліцца шчасцем!

Як і падчас кожнай выбарчай кампаніі ўжо вядомыя фаварыты сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. Аднак пэўнасці, чым жа яна закончыцца няма ніякай.

Варта прыгадаць падзеі пяцігадовай даўніны, калі тагачасны прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі быў перакананы ў сваё перамозе, пра што сведчылі адпаведныя апытанні, але польскі народ павёў сябе непрадказальна.

Слухайце аўдыё!

PR/IAR/эж

 

 

 

 

Адбыліся дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы (ФОТА)

18.06.2020 11:03
Гэта былі другія дэбаты перад сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі. Першыя - з удзелам 10 кандыдатаў - адбыліся 6 траўня.

Выбарчая кампанія ў Польшчы: абяцанні кандыдатаў (ФОТА)

20.06.2020 09:38
28 чэрвеня ў Польшчы пройдуць прэзідэнцкія выбары. Засталося восем дзён, выбарчая кампанія набірае абароты.

Новае прэзідэнцкае апытанне: У першым туры перамагае Анджэй Дуда, у другім – зацятая барацьба

26.06.2020 09:15
Апошнія апытанні падтрымкі кандыдатаў не прынеслі вялікіх змен сярод лідараў.