Беларуская Служба

Еўрасаюз: Выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі

12.08.2020 11:20
Еўрапейскі саюз прыняў супольную заяву па справе апошніх падзеяў у Беларусі.
Аўдыё
  • Еўрапейскі саюз прыняў супольную заяву па справе апошніх падзеяў у Беларусі.
Сцяг Еўрапейскага СаюзаPhoto: moritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўрапейскі саюз прыняў супольную заяву па справе апошніх падзеяў у Беларусі. У ёй 27 краінаў-членаў ЕС наўпрост кажуць пра тое, што апошнія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, а рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў аддалялі краіну ад дэмакратычнага свету і Еўрапейскага саюза. У сваёй заяве Еўрапейскі саюз таксама паведамляе пра магчымасць прыняцця мер супраць асобаў, адказных за гвалт, неабгрунтаваныя затрыманні, фальсіфікацыю вынікаў выбараў.

У заяве, выдадзенай ад імя супольнасці кіраўнік дыпламатыі Еўрапейскага саюза Жазэп Барэль, падкрэслівае, што беларусы выказалі імкненне да дэмакратычных пераменаў. Між тым, піша ён, „дзяржаўныя ўлады ўжылі непрапарцыйны і недапушчальны гвалт, у выніку чаго прынамсі адзін чалавек загінуў і многія атрымалі раненні. Тысячы людзей былі арыштаваныя, а рэпрэсіі за свабоду сходаў, супраць сродкаў масавай інфармацыі і за свабоду слова ўзмацніліся”. Таму супольнасць заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых.

ЕС таксама заклікае беларускіх палітычных лідараў „пачаць сапраўдны і ўсебаковы дыялог з шырокім грамадствам, каб пазбегнуць далейшага гвалту”. У той жа час еўрапейская супольнасць запэўнівае, што і надалей будзе падтрымліваць „дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь”.

Еўрапейскі саюз падкрэслівае, што пасля вызвалення палітвязняў у Беларусі ў 2015 годзе яго адносіны з краінай палепшыліся. Аднак без прагрэсу ў галіне правоў чалавека і вяршэнства закона адносіны Беларусі з супольнасцю „могуць толькі пагоршыцца”.

„Вартыя даверу звесткі нацыянальных назіральнікаў сведчыць пра тое, што выбарчы працэс не адпавядаў міжнародным стандартам, якія чакаюцца ад дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ. Зыходзячы з гэтага, мы будзем ацэньваць дзеянні беларускіх улад па вырашэнню сітуацыі, якая склалася, і правядзем паглыблены перагляд адносін ЕС з Беларуссю. Гэта, у прыватнасці,  можа прывесці да ўвядзення мераў супраць вінаватых у гвалце, неабгрунтаваных затрыманнях, фальсіфікацыі вынікаў выбараў”, - гаворыцца ў заяве ЕС.

Раней да ўвядзенння санкцый супраць беларускага кіраўніцтва і Цэнтральнай выбарчай камісіі заклікала група дэпутатаў Еўрапарламента. У сумеснай заяве дэпутаты выказалі салідарнасць з беларускім народам і асудзілі гвалтоўныя дзеянні з боку ўладаў супраць мірных дэманстрантаў.

Палітыкі заклікалі кіраўніцтва ЕС увесці санкцыі супраць усіх адказных за фальсіфікацыю выбараў, гвалт і рэпрэсіі. Яны прапанавалі, каб санкцыі тычыліся не толькі найвышэйшых чыноўнікаў у Беларусі і іх сем’яў, але таксама чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню з рэпрэсіўных структураў і Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Да сумеснай рэакцыі Еўрасаюза на падзеі ў Беларусі заклікала таксама Польшча.

У лісце да старшыні Еўрапейскай рады Шарля Мішэля і прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Лаен прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі прапанаваў правесці пазачарговы саміт Еўрасавета. Паводле кіраўніка польскага ўрада, „паслявыбарчыя беспарадкі ў Беларусі не павінны заставацца без адказу, бо гэта можа прывесці да эскалацыі канфлікту”.

Дзяржсакратар па ўсходняй і азіяцкай палітыцы Міністэрства замежных спраў Польшчы
Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz), падкрэсліў,  што Польшча была асабліва зацікаўленая ў тым, каб сумесная заява ЕС уключала заклік да дыялогу паміж уладамі і беларускім грамадствам.

- Гаворка ідзе пра тое, каб спыніць крывавы разгон дэманстрацыяў, каб акцыі праваахоўных органаў не пераўтварыліся ў яшчэ больш жорсткія беспарадкі. Польшча, як шляхам двухбаковых адносінаў, так і цяпер у рамках Еўрасаюза, заклікае ўлады ў Мінску да дыялогу.

Марцін Пшыдач дадаў, што на гэты момант гаворка пра санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі не ідзе. Аднак супольнасць разглядае магчымыя іншыя рашэнні.

- На гэтым этапе цяжка гаварыць пра настолькі жорсткія меры. Трэба памятаць, што супраць Беларусі многія гады дзейнічалі санкцыі. У пэўным моманце ЕС і ЗША вырашылі, што варта даць уладам у Мінску шанец. Я лічу, што апошнія падзеі нішчаць гэты, будаваны гадамі давер.  

Паводле Марціна Пшыдача, краіны ЕС надалей маюць надзею на тое, што беларускія ўлады пачнуць дыялог з грамадствам.

„Еўрапейскі саюз можа стаць пасярэднікам у дыялогу паміж беларускімі ўладамі і грамадствам, а Польшча таксама гатовая падтрымаць гэты працэс”, - заявіў міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч падчас сустрэчы з калегамі з Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі ў Рызе.

Дыпламаты запрапанавалі арганізаваць сустрэчу міністраў замежных спраў Еўрапейскага Саюза. На думку кіраўніка польскага Міністэрства замежных спраў, ЕС павінен паказаць, што ён клапоціцца пра беларускае грамадства.

 - Дыялог неабходны дзеля легітымнасці ўладаў у Беларусі. Перамовы з грамадствам трэба пачаць таксама з мэтай працягвання рэформаў у краіне ў кірунку, карысным для грамадства і згодным са стандартамі ЕС. Гэта ўмова пашырэння супрацы паміж Еўропай і Беларуссю.

Кіраўнік польскай дыпламатыі зазначыў, што на дыялог у Беларусі яшчэ не позна, а для Беларусі надалей адчынены шлях да збліжэння з ЕЗ. Умовай з’яўляюцца дэмакратычныя змены: вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій і пачатак перамоваў. Аднак, калі б сітуацыя пагоршылася, пад увагу бяруцца санкцыі – казаў у Рызе Яцэк Чапутовіч.

Заяву Еўрапейскага Саюза аб сітуацыі ў Беларусі станоўча ацаніў прэс-сакратар польскага ўрада. „Мы рады, што дзякуючы намаганням польскага ўрада сітуацыя ў Беларусі стала тэмай еўрапейскага парадку дня," - сказаў Пётр Мюлер (Piotr Muller).

- Згаданая заява – гэта станоўчы першы крок. Цяпер трэба сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і рэакцыяй уладаў у Мінску на яе. Міжнародная супольнасць чакае абмежавання гвалту. З другога боку мы не выключаем, што гэта толькі першы крок з боку міжнароднай супольнасці, а чарговым могуць быць санкцыі і іншыя дзеянні, прадугледжаныя можнародным заканадаўствам.

-заявіў прэс-сакратар польскага ўрада.

У сваю чаргу прэзідэнт Польшчы звернецца па справе Беларусі да дзяржаў-членаў Савета па правах чалавека ААН. Міністр з Канцылярыі прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі(Krzysztof  Szczerski) паведаміў у эфіры TVP Info, што сёння Анджэй Дуда накіруе ліст кіраўнікам 47 краінаў- членаў савета з просьбай адрэагаваць на падзеі ў Беларусі.

- Адмысловы заклік да таго, каб не быць абыякавым у дачыненні да падзеяў у Беларусі. Гаварыць пра яе ў сваіх асяроддзях і на сваіх кантынентах. Правы чалавека і свабода грамадзян у Беларусі павінны стаць супольным клопатам міжнароднай грамадскасці.  Менавіта ліст па гэтай справе польскі прэзідэнт накіруе сёння да ўсіх членаў Савета па правах чалавека.  

Кшыштаф Шчэрскі падкрэсліў, што ў Польшчы ёсць „маральны абавязак”" у дачыненні да Беларусі.

На сітуацыю ў Беларусі адрэагавалі палітыкі ў ЗША. У супольнай заяве яны асудзілі дзеянні ўладаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. У тым ліку, сенатар Роджэр Уікэр заявіў, што Аляксандр Лукашэнка павінен дазволіць правесці дакладны падлік выбарчых бюлетэняў і падаць у адстаўку, калі акажацца, што вынік выбараў быў фальсыфікаваны. 10 жніўня Дзяржаўны дэпартамент ЗША выпусціў заяву аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Дзяржсакратар Майкл Пампеа сцвердзіў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі.

Сур’ёзную заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі выказалі таксама кіраўнікі МЗС Даніі, Ісландыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі і Эстоніі.

Між тым, на сайце МЗС Беларусі з’явілася заява, у якой сцвярджаецца, што ў Беларусі ўважліва сочаць за рэакцыяй замежных партнёраў на ход і вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Ведамства таксама заклікала замежных партнёраў Беларусі не спяшацца з высновамі пра падзеі ў краіне.

аз