Беларуская Служба

Калі і ці ўвогуле Кітай стане лідарам экалагічнай палітыкі ў свеце?

20.11.2020 14:23
Калі думаць пра развіццё аднаўляльных рэсурсаў, то на думку прыходзяць берагі Паўночнага мора і сотні ветракоў, якія прадукуюць энергію; або неабсяжныя прасторы Францыі, пакрытыя сонечнымі панэлямі, якія ператвараюць сонечныя прамяні у электрычнасць. Аднак гэтыя карцінкі не маюць нічога супольнага з лідарам у вытворчасці “зялёнай”, якім з’яўляецца Кітаем.
Аўдыё
  • Кітайскі зварот да экалагічнай палітыкі можа быць пачаткам шырокіх змен у сусветнай палітыцы.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Глабалізацыя спрычыняецца да таго, што ў кожным кутку планеты можам паслухаць любімую музыку, з’есці страву з кожнай кропкі свету, скантактавацца з чалавекам, з якім яшчэ 100 гадоў таму мы не мелі б магчымасці пазнаёміцца. Нягледзячы на пазітывы, пастаяннае развіццё эканомікі і тэхналагічныя працэсы спрычыняюцца да рэзкага негатыўнага ўздзеяння на натуральнае асяроддзе.

Некаторыя краіны абуджаюцца і заўважаюць пагрозу, якую мы як чалавецтва стварылі навакольнаму асяроддзю. Лідарам у дзеяннях, якія маюць прадухіліць прыродны калапс, пакуль што з’яўляецца Еўразвяз, аднак за апошнія гады на гэтую пазіцыю ўсё мацней прэтэндуе Кітай. Той самы Кітай, які яшчэ дэкаду таму быў першым у знішчэнні прыродных рэсурсаў. Адкуль такая змена?

З 2010 года ў Кітаі папулярным, у тым ліку ў СМІ, стала паняцце «экалагічнай цывілізацыі». Зараз гэта стала адным з лозунгаў улад, якім карыстаюцца пры планаванні мэтаў унутранай палітыкі на наступныя гады. Мяркуецца, што кожны год у Кітаі з прычыны забруджвання паветра заўчасна памірае ад 350 тысяч да мільёна людзей. У сувязі з такой сітуацыяй адзін з чальцоў Пастаяннага камітэта Палітбюро Кампартыі Кітая Ванг Кішанг сказаў, што «гэты свет мае надзвычай мала рэсурсаў, каб задаволіць мільярд кітайцаў, якія жадаюць жыць «па-амерыканску». І таму, паводле яго, трэба знайсці новую мадэль. І мадэль спрабавалі знайсці.

У 2013-2017 гадах на адмысловы план змагання з забруджваннем асяроддзя і прасоўвання экалагічных альтэрнатываў патрачана 277 мільярдаў долараў. Гэта ўжо прывяло да пазітыўных вынікаў, бо забруджванне паветра ў сталіцы Пекіне значна знізілася. Кітай стаў лідарам у прадукцыі ветравой і сонечнай энергіі. Статыстыку ў сваёй лекцыі падчас канферэнцыі ТЭД у 2018 годзе прывяла даследчык і кліматолаг Анджэл Хсу.

-Публічная заклапочанасць у сувязі з забруджваннем паветра змусіла ўлады Кітая падумаць аб тым, як змагацца з гэтай і іншымі экалагічнымі праблемамі. Перад усім з энергетычнай сістэмай краіны. У Кітаі 60% адсоткаў энергіі вырабляецца з вугалю, у краіне – самая вялікая колькасць вугальных электрастанцый – 40% ад сусветнай лічбы. І гэта нягледзячы на тое, што Кітай у 2014 годзе распачаў «вайну з вугалем», зачыняючы маленькія шахты, уводзячы ліміты на спажыванне вугалю і закрываючы столькі электрастанцыяў, што можна было б забяспечыць энергіяй усю Аўстралію. У той жа час пайшлі інвестыцыі ў аднаўляльныя энергарэсурсы: водную, ветраную і сонечную. І хуткасць гэтага працэсу і рэзультаты ашаламляльныя. Кітай з’яўляецца сусветным лідарам у вытворчасці воднай энергіі – яе хапіла б для забяспячэння электрычнасцю ўсіх хатніх гаспадарак у КНР у двайным памеры. Калі казаць пра ветраную энергію, то Паднябесная забяспечвае траціну сусветнай прадукцыі. У сонечнай энергіі кітайцы таксама ў лідарах. Ужо ў 2018 годзе Пекін дасягнуў планаў з 2020 года ў вытворчасці прадукцыі гэтага віду энергіі - 105 гігаватаў. У 2020 годзе Кітай павінен вырабіць з сонца і ветру энергію на ўзроўні Германіі, якая з’яўляецца лідарам у гэтай галіне.

Развіццё вытворчасці “зялёнай” энергіі неўзабаве можа стаць візітнай карткай Кітая, які знаходзіцца ў працэсе глыбокай трансфармацыі. З кожным годам усё больш кітайцаў становяцца прадстаўнікамі гэтак званага «сярэдняга класу». Дзякуючы гэтаму ў матэрыяльным плане яны могуць дазволіць сабе больш, але адначасова выкарыстоўваюць больш энергіі і натуральных рэсурсаў. Гэта прывяло да таго, што Кітай пачаў думаць пра экалогію.

Гэта нешта новае ў сусветным маштабе, тым больш, што ў 2017 годзе Дональд Трамп заявіў аб выхадзе ЗША з Парыжскага пагаднення. Згаданы дакумент, які рэгулюе кліматычную палітыку дзяржаў, падпісалі амаль усе краіны свету.

Афіцыйна ЗША пакінулі Парыжскае пагадненне 4 лістапада гэтага года - праз дзень пасля выбараў, якія хутчэй за ўсё  прайграў Дональд Трамп. Ці адміністрацыя Байдэна вернецца да агульнасусветнага змагання за экалогію? Пакуль невядома. Вядома аднак, што побач з Кітаем свае экалагічныя меры і пастановы ўводзіць у жыццё Еўразвяз. Непараўнальны па геаграфічным памеры абшар можа пахваліцца вельмі развітой яшчэ з 90-тых гадоў палітыкай вытворчасці аднаўляльных энергарэсурсаў. Зараз Кітай і ЕЗ могуць ісці да супрацоўніцтва ў гэтай галіне пры адсутнасці ЗША. На апошнім саміце Кітай-ЕЗ тэма экалогіі была адной з важнейшых у змаганні са зменам клімату. Важнасць сустрэчы ў вярхах падкрэсліў кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

-Еўропа павінна быць гульцом, а не полем для гульні. Гэты саміт з’яўляецца нагодай для пачатку збалансаванай супрацы і стварэння супольнага шляху развіцця. Мы за адносіны, якія будуць патрабаваць заангажавання двух бакоў, што ў выніку павінна прывесці да канкрэтных рэзультатаў - рэзультатаў, якія будуць пазітыўнымі для свету.

Няма сумневаў, што кожны год Кітай спрабуе прасоўваць сваю палітыку на чарговыя краіны і рэгіёны нашай планеты. Цяперашняя экалагічная палітыка Пекіну можа стаць не толькі спосабам пашырэння уплываў КНР у свеце, але таксама добрым урокам для краін ЕЗ, Азіі і іншых кантынентаў у барацьбе са зменамі клімату. Гэты працэс некаторыя кітайскія адмыслоўцы называюць «зялёнай рэвалюцыяй», што з’яўляецца прамым параўнаннем да «індустрыяльнай рэвалюцыі» 18-19 стагоддзяў, плёнамі якой мы карыстаемся да сённяшняга дня. Як бы не было, з 90-тых гадоў мы пачалі заўважаць прысутнасць Кітая ў эканоміцы, потым - у міжнароднай палітыцы, а цяпер - у экалогія. Якім будзе вынік згаданай «зялёнай рэвалюцыі» - напэўна пачнем заўважаць ужо неўзабаве.

Слухайце аўдыёфайл

Альберт Ежы Вяжбіцкі