Польскі Нацыянальны банк рыхтуецца да інвестыцыі ў атамную энергію – чытаем у сённяшнім выданні Dziennik Gazeta Prawna. Журналісты заўважаюць, што гэта першы раз, калі цэнтральны банк плануе фінансаваць нейкі праект з часоў планавай эканомікі.
Пра намер укласці грошы ў атамную электрастанцыю заявіў на мінулым тыдні кіраўнік Нацбанку Польшчы Адам Гляпіньскі. Пра гэта ён расказаў часопісу «Сеці», яго словы выклікалі зацікаўленне ў асяроддзі журналістаў і эканамістаў. Паводле прэс-рэлізу Нацбанку, інвестыцыі ў праекты, якія рэалізуюцца на тэрыторыі дзяржавы і спрычыняюцца да росту незалежнасці Польшчы ў дадзенай сферы, з’яўляецца адной з ключавых мэтаў дзейнасці банку. Атамная электрастанцыя ў Польшчы паівнна дапамагчы краіне стаць больш незалежнай у энергетычным плане, што адначасова спрычыніцца да стабільнасці цэнаў энерганосьбітаў.
Нягледзячы на гучную заяву, спосаб падтрымання польскіх захадаў у кірунку развіцця атамнай энергіі пакуль невядомы. Да сённяшняга дня не абраны галоўны інвестар і фірма, адказная за пабудову і пастаўку абсталявання. Паводле планаў польскай энергетычнай палітыкі, першы рэактар павінен быць запушчаны ў 2033 годзе. Гэта азначае, што будова электрастанцыі павінна пачацца не пазней чым праз 5 гадоў.
Сярод магчымых будаўнікоў польскай атамнай электрастанцыі найбольш шанцаў маюць амерыканцы. Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя ўжо падпісала дамову з банкам EXIM, які намеран развіваць у Польшчы энергетычную галіну. Сярод кандыдатаў таксама французскія і карэйскія фірмы. Яны пастаянна рыхтуюць свае прапановы, але час канчатковага выбару падрадчыка ўсё бліжэй і пакуль невядома, хто атрымае дазвол на будову атамнай электрастанцыі ў Польшчы.
аев