Беларуская Служба

Анжэліка Борыс: «Беларускія ўлады паважаюць толькі кулак, а саступкі лічаць слабасцю»

24.03.2021 12:29
Учора А. Борыс была затрыманая, а ў суботу яна была пераабраная на пасаду старшыні СПБ.
Andżelika Borys
Andżelika Borysbelsat.eu

Dziennik Gazeta Prawna друкуе інтэрв’ю са старшынёй Саюза палякаў у Беларусі Анжэлікай Борыс. Учора яна была затрыманая за парушэнне правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў, паколькі зладзіла 8 сакавіка традыцыйны кірмаш Казюкі.

У мінулую суботу Борыс была пераабраная на пасаду старшыні СПБ рашучай колькасцю галасоў.

Як у Беларусі выглядае навучанне польскай мове? Засталіся дзве дзяржаўныя школы з польскай мовай навучання – у Гродне і Ваўкавыску. Ёсць адна дзвюхмоўная школа ў Брэсце. Тым часам урад працуе над папраўкамі ў заканадаўства. Калі іх прымуць, дзве апошнія польскія школы стануць польска-расійскімі.

Саюз палякаў у Беларусі падвяргаецца рэпрэсіям з боку дзяржаўных уладаў ужо шмат гадоў, апошняя хваля была звязана з адзначэннем у Брэсце свята «выклятых» жаўнераў. Насуперак таму, у чым вінавацяць затрыманую дырэктарку Форуму польскіх лакальных ініцыятыў Ганну Панішаву, на адзначэнні не было гаворкі пра Рамуальда Райса (мянушка Буры), атрад якога расстрэльваў мірных жыхароў праваслаўных вёсак у Польшчы. Панішава нейкі час таму сышла з СПБ, паколькі гэта незарэгістраваная арганізацыя, а яна хацела дзейнічаць легальна. Улады зарэгістравалі Форум лакальных ініцыятыў, яна верыла, што ёй удасца дамовіцца з уладамі. Магчыма, яе брутальна выкарысталі, – мяркуе Анжэліка Борыс.

З боку польскай дзяржавы таксама ў свой час была наіўная вера, што ўдасца дамовіцца. «Я б вельмі хацела добрых польска-беларускіх адносінаў, але час паказвае, што тут паважаюць толькі кулак, а саступкі лічаць слабасцю. Польшча – дэмакратычная дзяржава, часам там не разумеюць, што тут усе рашэнні прымае адзін чалавек. Аднак я ўдзячная польскім уладам за паслядоўнасць і салідарнасць. Важна, што ў Польшчы пра беларускую справу ўсе гавораць ва ўнісон, дзякуючы гэтаму беларускія ўлады не могуць выкарыстаць сварак у сваю карысць», – адзначае Анджэліка Борыс.

нг