Еўропа вядзе палітыку нулявой цярпімасці ў адносінах да рэпрэсій у Беларусі ды працуе над наступным санкцыйным пакетам. Што можа быць у гэтым пакеце? Пра гэта мы паразмаўлялі з еўрадэпутатам, кіраўніком Дэлегацыі ЕП па справах Беларусі Робертам Бедранём.
Са жніўня мінулага году Лукашэнка жорстка душыць пратэстны рух у Беларусі, у краіне пануе прававы дэфолт. Еўрапейскі Звяз рашуча пратэстуе супраць гэтых дзеянняў Лукашэнкі ды не прызнае яго легітымнасць у кіраванні краінай. Дзеля гэтага Еўразвяз прыняў некалькі пакетаў санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
Першы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі быў уведзены Еўразвязам 2 кастрычніка 2020 года. Ён утрымліваў спіс лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якім забаранілі ўезд на тэрыторыю ЕЗ. Потым 6 лістапада і 17 снежня быў уведзены другі ды трэці пакет санкцый, якія палягалі на пашырэнні спісу чыноўнікаў ахопленых санкцыямі. У трэці пакет ўключылі ў спіс не толькі асоб але і арганізацыі.
Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Еўразвяз і замарожванне актываў асоб з санкцыйнага спісу, які зараз налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарожванне актываў сямі арганізацый.
Акрамя таго, фізічным і юрыдычным асобам - прадстаўнікам ЕЗ забаронена прама ці ўскосна прадстаўляць сродкі асобам з санкцыйных спісаў.
Цяпер у Еўразвязе вядзецца падрыхтоўка да прыняцця новага 4 пакета санкцый. Што будзе ў гэтым пакеце? Пра гэта мы паразмаўлялі з еўрадэпутатам, кіраўніком Дэлегацыі па справах Беларусі Робертам Бедранем.
- Моцныя санкцыі – гэта адзін з нешматлікіх інструментаў, які нам застаўся, каб ціснуць на рэжым. Еўразвяз увёў ужо 3 пакеты санкцый і працуе над чацвёртым. На маю думку, ён павінен як мага хутчэй быць прыняты. Еўрапейскі парламент аказвае ціск праз усе магчымыя каналы, каб так сталася. Для нас важна, каб санкцыі былі як мага шырэйшыя. Ёсць прапанова пашырыць спіс прозвішчаў з 88 да 160. Гэта будзе найшырэйшы пакет, я спадзяюся, што неўзабаве ён будзе прыняты. На гэта чакае беларуская апазіцыя ды парламент, але рашэнне залежыць ад Еўрапейскай рады ды Еўракамісіі.
Калі можа быць уведзены 4 пакет?
- На маю думку, пакуль няма канкрэтнага тэрміна. Пра 4 пакет санкцый Еўразвяз размаўляе ад лютага. Я лічу, што гэта задоўга. Магчыма рашэнне адміністрацыі Байдэна змуціць Еўразвяз прыспешыць прыняццё рашэння. Увядзенне новых санкцый вельмі патрэбна. Гэтага чакаюць дэмакратычныя сілы. Я веру, што санкцыі будуць пашыраныя на новых чыноўнікаў ды прадпрыемствы. Я веру, што іх хутка прымуць.
Чаму зацягваецца прыняцце больш шырокіх санкцый?
- Прычына – розныя інтарэсы краін чальцоў Еўразвязу. Чым далей ад Мінска тым больш размываецца ўцягнутасць у справы вызвалення Беларусі. Ёсць асобныя краіны, якія нават блакавалі прыняццё санкцыі, між іншым Кіпр. Вядома, што там адмываюць брудныя грошы шмат расійскіх ды беларускіх алігархаў. Ёсць краіны, якім залежыць, каб санкцыі не хутка прымаліся. Наша задача – дэмакратычнай часткі – аказваць ціск на Еўразвяз, каб не адкладвалася ўвядзенне санкцый, каб не кіраваліся грашыма, а лёсам людзей, якіх арыштоўваюць, пераследваюць, змушаюць уцякаць з краіны. Еўрапейскі парламент не дазволіць, каб Еўразвяз зацягваў прыняццё санкцый. Мы будзем маніторыць, што робяць краіны ЕЗ у гэтай справе ды аказваць ціск.
Апроч санкцый Еўразвяз казаў пра падтрымку для дэмакратычных сіл і беларускай грамадскасці, якая сітуацыя ў гэтай справе цяпер?
- Падтрымка аказваецца не толькі ў сферы сімвалічнай, як прызнанне ўзнагароды Сахарава, але матэрыяльнай ды фінансавай. Апроч гэтага спынена любое супрацоўніцтва ды падтрымка для праектаў з удзелам беларускіх уладаў. Еўразвяз спыніць адносіны з рэжымам Лукашэнкі, замарожаныя ўсе праекты, а сродкі адтуль перанесеныя на падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі, у тым ліку свабодных СМІ. На жаль, цяпер падтрымка для няўрадавых арганізацый ды свабодных СМІ не можа прадстаўляцца праз адкрытыя каналы ў звязку з пераследам, які ёсць у Беларусі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч