Беларуская Служба

Палітыка Германіі ў дачыненні да Расіі - праблема для хаўруснікаў

27.04.2021 15:02
Варшава хоча хуткай і рашучай рэакцыі ЕС, НАТА і санкцый, а Германія заяўляе аб гатоўнасці весці дыялог з Масквой.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Засяроджанасць Германіі на дыялогу з Расіяй у канфліктных сітуацыях толькі падахвочвае Маскву да эскалацыі напружанасці, лічыць Юстына Гаткоўска з Цэнтра ўсходніх даследаванняў у інтэрв'ю нямецкай штодзёнцы Die Welt. Паводле яе, праблема нямецкай палітыкі бяспекі - гэта яе непразрыстасць.

„З аднаго боку, Германія падтрымлівае рэзалюцыі ЕС і НАТА супраць Масквы, а нямецкія войскі прысутныя на ўсходнім флангу, з іншага боку, Германія залежыць ад такіх буйных праектаў, як Nord Stream 2 і дазваляе Расіі карумпаваць свае палітычныя і эканамічныя эліты.

Розніца ў польскай і нямецкай палітыцы ў дачыненні да Расіі бачная, напрыклад, у выпадку напружанасці на мяжы паміж Украінай і Расіяй. Варшава хоча хуткай і рашучай рэакцыі ЕС і НАТА, а таксама санкцый. Германія падкрэслівае гатоўнасць весці дыялог з Расіяй.

Паводле Юстыны Гаткоўскай, нямецкая апазіцыя, у тым ліку, „Альтэрнатыва для Германіі” і „Партыя левых”, цалкам нерэальна разглядаюць Маскву як саюзніка і партнёра. Эксперт адзначае, што і іншыя нямецкія палітыкі спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя настроі. Напрыклад, прэм'ер-міністр Саксоніі Майкл Крэчмер (ХДС), на мінулым тыдні паехаў у Маскву, нягледзячы на напружанасць на ўкраінска-расійскай мяжы.

Юстына Гаткоўска мяркуе, што ў бліжэйшыя гады Германіі давядзецца павялічыць сваю ваенную прысутнасць на ўсходнім флангу НАТА. „Падобна таму, як Парыж заклікаў Берлін больш актыўна дзейнічаць у рэгіёне Сахеля, так Варшава будзе заахвочваць Берлін выконваць свае абавязкі на Усходзе Еўропы. На гэта могуць націскаць таксама ЗША”, - кажа Гаткоўска. „Утульныя дзесяцігоддзі бонскай рэспублікі скончыліся, немцы гэта зразумеюць позна”, - кажа польскі эксперт у нямецкай штодзёнцы Die Welt.  

аз