Пасля гібелі некалькіх нелегальных мігрантаў на польска-беларускай мяжы, Брусeль разглядае магчымасць адпраўкі функцыянераў Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы (Frontex) на мяжу Польшчы і Беларусі, неафіцыйна даведалася карэспандэнтка радыёстанцыі RMF FM. Паводле старонкі rmf24.pl, Брусель таксама хоча большай празрыстасці на польска-беларускай мяжы.
«Мы будзем працягваць прапаноўваць польскім уладам еўрапейскую падтрымку», – афіцыйна пацвердзіў прэс-сакратар Еўракамісіі. «Мы звяжамся з польскімі ўладамі, каб абмеркаваць спосабы перадухілення такіх інцыдэнтаў у будучыні», – дадаў еўрапейскі чыноўнік.
У сітуацыі на мяжы з Беларуссю ЕС вінаваціць Аляксандра Лукашэнку, але хоча таксама большай празрыстасці з боку польскіх уладаў, то бок прысутнасці ў памежнай зоне журналістаў і грамадскіх арганізацый.
Паводле RMF FM, Брусель занепакоены тым, што на самой справе невядома, што адбываецца ў гэтай зоне і таму патрабуе лепшага абмену інфармацыяй. Таксама неўзабаве плануе размаўляць пра гэта з польскімі ўладамі.
ЕС хацеў бы таксама адправіць на польска-беларускую мяжу функцыянераў Frontex. Аднак брусельскія чыноўнікі прызнаюць, што без афіцыйнага запрашэння з Варшавы – гэта немагчымае.
Да гэтай пары дапамогай з боку Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы скарысталіся Літва і Латвія.
Надоечы намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Барташ Градэцкі падкрэсліў у інтэрв'ю Польскаму агенцтву друку, што Польшча распараджаецца дастатковымі сіламі і сродкамі, каб самастойна забяспечыць польска-беларускую мяжу. Ён таксама нагадаў апошнюю заяву кіраўніка польскага МУС Марыюша Камінскага, які запэўніў, што ў бліжэйшыя дні для аховы мяжы будуць адпраўленыя каля 500 жаўнераў.
«Былі задзейнічаныя вялікія сілы і рэсурсы, большыя, чым можа прапанаваць Frontex», – падкрэсліў віцэ-міністр Градэцкі. Ён таксама дадаў, што да гэтага часу польскі бок не атрымаў афіцыйнай прапановы Еўракамісіі па справе дапамогі з боку агенцтва Frontex, паведамляе старонка rmf24.pl.
аз