Беларуская Служба

Еўрадэпутатка: Прысуд суда ЕС па справе Тураўскага рудніка палітычна матываваны

21.09.2021 11:12
«Ні Суд Еўрасаюза, ні Еўракамісія не думалі закрываць шахты ў Германіі», – кажа Анна Залеўска ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».
i
Тураўскi руднікPAP/EPA/MARTIN DIVISEK

Хоць шкоднасць для навакольнага асяроддзя вытворчасці электраэнергіі з бурага вугалю абмяркоўваецца цягам 40 апошніх гадоў, то прыкладна 19% энергіі ў Германіі вырабляюць электрастанцыі, якія працуюць на гэтым паліве. Падобным чынам сітуацыя выглядае ў Чэхіі. Непадалёка ад польскага Тураўскага рудніка размяшчаецца ў пяць разоў большы комплекс шахтаў у Чэхіі і ў дзесяць разоў больш у Германіі, кажа ў размове з Польскім агенцтвам друку еўрадэпутатка ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Анна Залеўска.

Як паведамляе партал statista.com, у 2020 годзе на адкрытых шахтах у чатырох федэральных землях Германіі (Паўночным Рэйн-Вестфаліі, Брандэнбургу, Саксоніі і Саксоніі-Анхальт), было здабыта прыкладна 107 мільёнаў тон бурага вугалю. Поўны адыход з вугалю ў Германіі плануецца да 2038 года.

«Ні Суд Еўрасаюза, ні Еўракамісія не думалі закрываць якія-небудзь шахты ў Германіі. Між тым, у гэтай краіне працуе ўсё больш шахтаў, і ў цяперашні час больш за 50% энергіі вырабляецца з вугалю. Еўракамісія не каментавала, калі перад пандэміяй у Германіі была адкрыта яшчэ адна электрастанцыя, якая працуе на бурым вугалі. Нават прадстаўнікі «Зялёных» у Германіі не пратэстуюць супраць вугалю ў сваёй краіне, але лічаць мэтазгодным каментаваць тое, што адбываецца ў Польшчы», – звярнула ўвагу Залеўска.

Нагадваем, у панядзелак Суд ЕС вырашыў, што Польшча павінна выплаціць Еўракамісіі 500 тысяч еўра за кожны дзень здабычы бурага вугалю ў шахце «Тураў», то бок за кожны дзень невыканання часовых мер уведзеных Еўракамісіяй па прыпыненні працы шахты.

Між тым у 2020 годзе ў Германіі ў прамысловасці здабычы бурага вугалю было занята каля 19,5 тысяч чалавек, у тым ліку супрацоўнікаў электрастанцый, якія працуюць на лігніце.

У Лужыцы, дзе на мяжы з Польшчай дзейнічаюць чатыры буйныя шахты, жыхары гадамі скардзяцца, у прыватнасці, на зніжэнне ўзроўню грунтавых вод. Хоць урад Брандэнбурга і мясцовы вышэйшы адміністрацыйны суд прызнаюць, гэта можа быць звязанае з дзейнасцю шахтаў, то яны апраўдваюць працяг здабычы грамадскім інтарэсам, пісаў надоечы Цэнтр усходніх даследаванняў.

У Чэхіі, паводле звестак Упраўлення па рэгуляцыі энергетыкі, у 2020 годзе з бурага выгалю было выраблена 40 працэнтаў электрычнай энергіі.

Паводле еўрадэпутаткі Анны Залеўскай, 60-70 працэнтаў жыхароў рэгіёну, як чэхі, так і палякі, не хочуць мець нічога агульнага са спрэчкай за Тураўскі руднік.

«Яны лічаць, што спрэчка была створана штучна. Яны атрымліваюць прыбытак ад таго, што шахта працуе, і ў той жа час давяраюць даследаванням, што дзейнасць шахты не ўплывае на зніжэнне ўзроўню падземны вод. Усе яны ўспрымаюць гэтае рашэнне Суда ЕС, як палітычнае, пазапраўнае рашэнне», – кажа палітык і дадае, што прысуд Суда ЕС наносіць удар па 60 тысячах жыхароў рэгіёну, якія прама ці ўскосна звязаны з шахтай.

Залеўска дадала, што зачыніць шахту на працягу дня немагчыма. «Гэтае рашэнне – адно з невыканальных. Больш за дзясятак краін не выканалі самыя розныя рашэнні Суда ЕС, палічыўшы іх невыканальнымі. Гэта тым больш скандальна, таму што Суд Еўрасаюза прыняў рашэнне падчас польска-чэшскіх перамоваў», -падкрэсліла Анна Залеўска ў размове з PAP.

Агенцтва нагадвае, што ў цяперашні час лігніт здабываецца ў Чэхіі толькі на адкрытых шахтах, размешчаных у перадгор'ях Рудных гор. Апошняя глыбокая шахта бурага вугалю ў Чэхіі была зачынена ў 2016 годзе.

PAP/аз