ЗША асцерагаюцца новай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Пра гэта заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасля сустрэчы са сваім украінскім калегам Дзмітрыем Кулебай, – піша партал Energetyka24. Кулеба заклікаў Германію прымаць крокі ў сувязі з энергетычным крызісам.
«Мы не ведаем намераў Расіі, якая перамяшае свае войскі на мяжу з Украінай, але мы занепакоеныя тым, што Расія можа зрабіць сур'ёзную памылку, спрабуючы паўтарыць тое, што яна зрабіла ў 2014 годзе. Тады яна сабрала вялікія сілы ўздоўж мяжы і ўвайшла ва Украіну, заяўляючы, што яе справакавалі», – сказаў Блінкен. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што прыхільнасць ЗША тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны «жалезная». Ён дадаў, што калі і былі нейкія правакацыі, то толькі з боку Расіі, і пахваліў украінскія ўлады за стрыманасць.
Кіраўнік МЗС Украіны Кулеба заявіў, што інфармацыя Вашынгтона аб перамяшчэнні расійскіх войскаў супадае з ацэнкай сітуацыі Кіевам. Ён дадаў, што падчас сустрэчы ў сераду былі абмеркаваны канкрэтныя дзеянні, якія абедзве краіны будуць прадпрымаць у выпадку новага наступлення Расіі. «Тое, што адбываецца сёння, – гэта вельмі складаная гульня з мноствам элементаў: энергетычны крызіс, прапагандысцкія намаганні, дэзынфармацыя, кібератакі, ваенная канцэнтрацыя (...), міграцыйны крызіс», – сказаў Кулеба. І дадаў, што трэба адбіць ахвоту ў Расіі нагнятаць сітуацыю.
Адказваючы на пытанне аб новых санкцыях ЗША супраць Беларусі, абвешчаных раней у сувязі з крызісам на мяжы з ЕС, Блінкен адказаў, што ЗША не маюць традыцыі анансаваць будучыя санкцыі, але ціск з Вашынгтона працягнецца. Абодва дыпламаты таксама спаслаліся на энергетычны крызіс у Еўропе і пытанне газаправода «Паўночны паток -2». Дзяржсакратар ЗША заявіў, што Вашынгтон «пільна сочыць», ці не выкарыстоўвае Расія энергію ў якасці зброі, і дадаў: «Мы спадзяемся, што Германія будзе выконваць свае абавязанні». Пагадненне прадугледжвае ўвядзенне санкцый у выпадку, калі Расія стане выкарыстоўваць сыравіну ў якасці зброі.
Кулеба ацаніў, што Расія ўжо вядзе энергетычны шантаж супраць Украіны і Еўропы. Ён сказаў, што разлічвае на дзеянні Германіі, тым больш, што ў Берліна ёсць сродкі ціску на Маскву. «Хачу падкрэсліць, што «Паўночны паток-2» – гэта не толькі ўкраінская праблема, але і еўрапейская», – сказаў украінскі дыпламат.
нг