Беларуская Служба

Польшча рыхтуе новыя інструменты для паспяховай барацьбы з хваляй нелегальнай міграцыі

18.11.2021 12:47
Прапановы кіруючай партыі не падабаюцца апазіцыі, якая называе іх спробай незаконнага прадаўжэння надзвычайнага становішча.
Аўдыё
  • Сейм прыняў папраўкі аб дзяржаўнай мяжы і накіраваў законапраект у Сенат.
          .
Сейм прыняў папраўкі аб дзяржаўнай мяжы і накіраваў законапраект у Сенат.PAP/Marcin Obara

Польшча рыхтуе новыя прававыя інструменты для паспяховай барацьбы з хваляй нелегальнай міграцыі на мяжы з Беларуссю. Аднак прапановы кіруючай партыі выклікаюць засцярогі апазіцыі, якая называе іх спробай незаконнага прадаўжэння надзвычайнага становішча. Між тым, абодва бакі польскай палітычнай сцэны занепакоеныя тым, што крызіс на польска-беларускай мяжы абмяркоўваецца на міжнароднай арэне без удзелу Польшчы.

Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Пётр Калета заклікаў сенатараў як мага хутчэй прыняць папраўкі ў закон аб дзяржаўнай мяжы. Учора згаданыя папраўкі прыняў Сейм:

- Гэта сапраўды кароткі закон, усяго 14 артыкулаў, таму можна яго разгледзець даволі хутка. У гэтым выпадку сенатары павінны паказаць здаровы сэнс.

Кіраўнік польскага МУС Марыюш Каміньскі пераконвае, што гэта юрыдычны інструмент, неабходны для вяртання стабільнасці на мяжы з Беларуссю:

- У нас ёсць план і ідэя, якія мы паслядоўна ажыццяўляем. Будзе стабільна і бяспечна, але гэта патрабуе часу і адпаведных юрыдычных інструментаў.

Новыя правілы прадугледжваюць абмежаваны доступ да памежнай з Беларуссю тэрыторый. Такая забарона будзе ўведзена на пэўны тэрмін пастановай міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі пасля кансультацыі з кіраўніком Памежнай службы. Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на жыхароў забароненай зоны, людзей, якія там працуюць, а таксама вучняў і падарожных, якія перасякаюць КПП. Паводле аўтараў законапраекта, новыя правілу, на пэўных умовах, гарантуюць журналістам доступ да памежнай зоны.

Супраць унясення згаданых паправак выступае значная частка апазіцыі, прапановы якой былі адхіленыя ў Сейме. Барыс Будка з «Грамадзянскай кааліцыі» пераконвае, што гэта спосаб на незаконнае прадаўжэнне надзвычайнага становішча:

- Гэта наступныя інструменты, якія супярэчаць Канстытуцыі.

З гэтым меркаваннем не пагаджаецца прэзідэнт Анджэй Дуда, які выказваецца за прысутнасць журналістаў у памежнай зоне, але з захаваннем адпаведных правілаў:

- Я, як прэзідэнт таксама зацікаўлены доступам журналістаў да мяжы, але, па-першае, яны не павінны перашкаджаць у ейнай ахове, а па-другое, падчас рэалізацыі журналісцкіх заданняў яны самі павінны быць бяспечнымі. Я спадзяюся, што закон створыць адпаведныя ўмовы дзеля таго, паколькі гэта зараз вельмі важнае.

У сваю чаргу дэпутат Яраслаў Зяліньскі з ПіС пераконвае, што рашэнні, якія прапануе ўрадавая кааліцыя, адпавядаюць рэчаіснасці:

- Сітуацыя мае надзвычайны характар. Неабмежаваны доступ не можа дзейнічаць там, дзе адбываецца гібрыдная вайна.

Нагадваем, вышэйшая палата польскага парламента мае 14 дзён на разгляд законапраекта.
Тым часам кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі нагадаў, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы застаецца напружанай. Некалькі тысяч памежнікаў, жаўнераў і паліцыянтаў пастаянна сочаць за тым, каб мігранты, якія сабраліся на беларускім баку, не перасеклі мяжу незаконна:

- Агрэсія на мяжы не выпадковая. Гэта запланаваныя дзеянні, якім мы будзем рашуча супрацьстаяць.

Пра каардынацыю еўрапейскай рэакцыі на крызіс на знешніх межах Еўрасаюза ўчора прэм’ер Матэвуш Маравецкі размаўляў з канцлеркай Ангелай Меркэль. Размовы адбыліся пасля таго, як польскія ўлады раскрытыкавалі перамовы, якія па справе крызісу канцлерка Германіі правяла з Аляксандрам Лукашэнкам, а прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Факт, што згаданыя размовы адбыліся адмоўна ацэньвае таксама Павел Коваль з «Грамадзянскай кааліцыі»:

- Я думаю, што гэта адбылося занадта рана. Няшчасце для Польшчы, што быў запушчаны такі спосаб урэгулявання справы. Мы павінны быць у мэйнстрыме такіх размоваў. Сітуацыя тычыцца і немцаў, і французаў, бо гаворка ідзе пра мяжу ЕС, але больш за ўсё нас. Я здзіўлены, што кансультацыі Маравецкі-Меркэль не адбыліся два тыдні таму.

Згаданы крок памылкай называюць таксама прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Актывіст беларускай апазіцыі і былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка ацаніў, што размова канцлеркі Ангелы Меркэль з Лукашэнкам толькі задаволіла чаканні беларускага дыктатара:

- Паводле мяне, на гэта, менавіта, разлічваў Лукашэнка. Па-першае, дзякуючы штучнага міграцыйнага ціску ён хацеў дабіцца размовы. Пазней ён захоча адмены палітычных абмежаванняў і эканамічных санкцыі. На сённяшні дзень шмат сведчыць пра тое, што ён рэалізуе свае планы.

У сваю чаргу МЗС Польшчы паведаміла, што польскія ўлады вырашылі не размаўляць з Расіяй па справе крызісу на мяжы з Беларуссю. Прэс-сакратар міністэрства Лукаш Ясіна падкрэсліў у эфіры TVP Info, што Крэмль адмаўляе сваё дачыненне да таго, што адбываецца на мяжы і таму ён не з’яўляецца надзейным партнёрам для перамоў:

-Трэба памятаць пра тое, што адбывалася ад 2008 года. Спачатку была агрэсія на нейкую дзяржаву, як на Грузію ці Украіну. Расія прыводзіла да абвастрэння міжнароднай сітуацыі, а пазней, у рамках кампрамісу, прыводзіла да дээскалацыі крызісу пры дапамозе выбраных еўрапейскіх краінаў. Гэты досвед падказвае нам быць асцярожнымі ў адносінах з некаторымі «пасланцамі міру».

Між тым, польская Памежная служба паведаміла, што за апошнія суткі адбылася 501 спроба незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі. Уварвацца на тэрыторыю Польшчы спрабавалі некалькі вялікіх груп мігрантаў. Адна з іх налічвала каля 500 чалавек.

Нагадваем, з пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 33 тысячы спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. Толькі ў лістападзе іх было 5,5 тысячы.

IAR/аз