Беларуская Служба

Казахстан у крыві. Палякі апасаюцца, што закончацца добрыя адносіны з гэтай дзяржавай

07.01.2022 15:04
Для Польшчы краіна была важным партнёрам.
        . ,
Пратэст супраць умяшання Расіі ў падаўленне пратэстаў у Казахстане. Грузія, Тбілісіфота: PAP/EPA/ZURAB KURTSIKIDZE

Усе выданні на першых старонках прысвячаюць шмат увагі падзеям у Казахстане. Сілавікі брутальна распраўляюцца з пратэстоўцамі – паведамляе Rzeczpospolita. Ніхто дакладна не ведае, колькі чалавек забіта і паранена. Узбадзёраны абяцаннем «братняй дапамогі» з боку Масквы, прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў выдаў загад разагнаць пратэсты. Два дні паліцыя страляла ў няўзброеных людзей, пасля чаго паведаміла, што дзясяткі ўдзельнікаў беспарадкаў былі «ліквідаваныя». Арыштавана звыш 2 тыс. чалавек.

Нягледзячы на гэта, сутычкі далей працягваліся. У Алма-Аты прыбылі першыя аддзелы расійскіх дэсантнікаў. Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ, каб «адказаць на вонкавую пагрозу». Толькі ніхто не ведае, адкуль звонку ідзе гэтая пагроза.

Невядома, як выглядае сітуацыя ў іншых гарадах дзяржавы – у Казахстане адключылі інтэрнэт, а таксама частку тэлефоннай сувязі. У адных гарадах паліцыя страляе ў пратэстоўцаў, а ў іншых пераходзіць на іх бок. Маніфестацыі, падчас якіх галоўным патрабаваннем было паляпшэнне ўмоваў жыцця, прайшлі ва ўсіх буйнейшых гарадах. Ёсць таксама інфармацыя пра страйкі на прадпрыемствах, між іншым, рабочых нафтаздабыўной і сталеліцейнай прамысловасці.

Усе каментатары на месцы адзначаюць, што пратэсты спантанныя, у іх не было лідараў, таму пратэстоўцы з цяжкасцю фармулююць свае патрабаванні. Нурсултан Назарбаеў, які лічыць сябе стваральнікам нацыі, ні разу не звярнуўся да народу за час пратэстаў.

Каментатар выдання Руслан Шошын піша, што Казахстан, нягледзячы на дыктатуру Назарбаева, які пераемнікам выбраў Такаева, пазітыўна выдзяляўся на фоне іншых постсавецкіх краін. У школах вярнулі казахскую мову, ідзе нацыянальнае адраджэнне, будуюць мячэці, развіваюць прамысловасць. Дзякуючы багатым залежам нафты і газу казахі збудавалі моцную эканоміку, з вялікім удзелам заходніх карпарацыяў. Уладам шмат гадоў удавалася весці шматвектарную палітыку. Для Польшчы гэта важны партнёр. Не толькі таму, што калісьці казахі прымалі ссыльных палякаў, але таксама дзякуючы таму, што Польшча мела апошнім часам добрыя адносіны з Казахстанам. Напрыклад, дзякуючы пасярэдніцтву Назарбаева, удалося вызваліць з беларускай турмы і прывезці ў Польшчу трох актывістак польскай меншасці. Але цяпер, калі Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ, гісторыя краіны можа дыяметральна змяніцца.

Rzeczpospolita/нг