Беларуская Служба

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы: Расія будзе ўзмацняць ціск на Захад

11.01.2022 15:15
У апошнія дзеянні Расіі ўпісваецца таксама міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы, лічыць Павел Яблоньскі.
Аўдыё
  • Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы: Расія будзе ўзмацняць ціск на Захад.
Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел ЯблоньскіFoto: Wojciech Kusiński / Polskie Radio

Першы раўнд расійска-амерыканскіх стратэгічных перамоваў, якія прайшлі ўчора ў Жэневе, не прынёс прарыву. Злучаныя Штаты Амерыкі адхілілі патрабаванне Масквы аб адмове НАТА ад пашырэння свайго ўплыву ў Еўропе. У сваю чаргу прадстаўнікі расійскага боку заявілі, што не бачаць падставаў для вываду сваіх войскаў з памежжа з Украінай.

Дзеянні Расіі пацвярджаюць, што Пуцін узмацняе ціск на Захад, каб дасягнуць сваіх палітычных мэтаў, такім чынам учарашнія перамовы ў Жэневе каментуе намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблоньскі(Paweł Jabłoński):

- Расія, безумоўна, спрабуе ўзмацніць ціск, гэта нічога новага і гэта асабліва бачна ў заяве расійскага боку пасля завяршэння перамоў, у якой расейцы падкрэсліваюць сваё бачанне міжнародных адносін, то бок, што НАТА з'яўляецца агрэсіўным саюзам. Зразумела, кожны разумны чалавек ведае, што гэта хлусня. Аднак факт, што Расія не адмаўляецца ад такога стаўлення пацвярджае, што Пуцін увесь час хоча эскалацыі; ён хоча сілай дасягнуць сваіх палітычных мэтаў. Добра, што цягам апошніх тыдняў зʼявілася такая пазіцыя ЗША, а пазіцыю НАТА мы ўбачым неўзабаве, што на гэткае стаўленне няма згоды.

Тым ня менш віцэ-кіраўнік польскага МЗС не выключае, што пад уплывам узмацнення ціску з боку Расіі ў заходніх краінах пачнуць узнікаць заклікі да дээскалацыі напружання ў адносінах з Расіяй за любы кошт. Аднак Павел Яблоньскі перасцерагае, што ў даўжэйшай перспектыве, гэткі падыход адмоўны для Еўропы.

У сваю чаргу былы камандзір польскай вайсковай спецадзінкі GROM генерал Раман Полька(Roman Polko) лічыць, што такія перамовы наогул не павінны адбыцца:

- Гэткія размовы не павінны адбывацца ў сітуацыі, калі Пуцін збірае войскі на мяжы з Украінай і напярэдадні перамоваў з парушэннем права ўводзіць свае войскі ў Казахстан. Нагадваю, дагавор аб АДКБ прадугледжвае дапамогу ў абароне ад знешніх пагрозаў, а не дзеля вырашэння ўнутраных спрэчак. Пуцін выкарыстоўвае перамовы з НАТА таксама з мэтай унутранай палітыкі, паколькі яго папулярнасць у Расіі падае. Зараз ён паказвае: глядзіце са мной лічацца, я стаўлю абсурдныя патрабаванні, а яны гэта сур’ёзна абмяркоўваюць.

Павел Яблоньскі не згаджаецца з гэтым меркаваннем. Паводле яго, перамовы патрэбныя, але трэба праводзіць іх разумна і асцярожна:

- Размаўляць заўсёды варта. Аднак галоўная справа – спосаб іх праводжання. Найважнейшая паслядоўнасць і рашучае стаўленне. Дарэчы такая пазіцыя знайшла сваё адлюстраванне ў амерыканскай заяве пасля заканчэння ўчарашніх перамоваў. Думаю, што гэта вынік вельмі цяжкай дыпламатычнай працы, якую праводзяць Польшча і іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, каб растлумачыць нашым хаўруснікам з ЗША і Еўропы, наколькі сурʼёзнай пагрозай зʼяўляюцца дзеянні Пуціна. Падсумоўваючы, перамовы варта весці, але яны павінны таксама браць пад увагу магчымасць увядзення санкцыяў. Калі Расія не адмовіцца ад сваіх агрэсіўных дзеянняў, то санкцыі павінны быць пашыраныя. Гэта дарэчы адзіная мова, якую разумее Пуцін.

Віцэ-міністр польскай дыпламатыі нагадаў, што апошнім часам па справе расійскіх дзеянняў амерыканская дыпламатыя праводзіла шматлікія перамовы з хаўруснікамі па НАТА:

- Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау размаўляў з дзяржсакратаром Энтані Блінкенам. Адбылася таксама сустрэча ў рамках Бухарэсцкай дзявяткі – краінаў альянсу, якія распаложаныя ў Цэнтральнай Еўропе, а таксама з краінамі, якія па гістарычных прычынах выдатна разумеюць пагрозу, якая вынікае з расійскіх дзеянняў. З пазіцыяй, выпрацаванай падчас гэтых сустрэчаў, паводле нашых ведаў, учора пазнаёміўся расійскі бок. Аднак гэта не канец працэсу, Масква будзе працягваць узмацняць ціск на Захад. Варта сачыць за інфармацыяй, паколькі Расія напэўна будзе прасоўваная, як краіна, якая мае свае повады; пазіцыі, якой варта паслухаць. Усё акрамя асноўнага факту, што пакуль Расія не адмовіцца ад незаконных дзеянняў, у тым ліку, анексіі Крыма, акупацыі Украіны, то ў працэсе перамоваў не можа лічыцца адказным партнёрам.

Зараз самае важнае аказаць салідарнасць з Украінай, лічыць Павел Яблоньскі:

- Ключавым з’яўаецца салідарнасць з Украінай, у якой мы – Захад абавязаліся. Нагадваю Украіна з 2014 года, то бок 8 гадоў застаецца ў стане вайны. Калі мы абавязаліся ў тым, што будзем падтрымліваць незалежнасць Украіны, то мы не можам адмаўляцца ад гэтых абяцанняў пад уплывам шантажу з боку Пуціна. Гэта найважнейшы абавязак Захады і Польшча, а таксама іншыя краіны рэгіёну, спадзяюцца, што ён будзе рэалізаваны.

У апошнія дзеянні Расіі ўпісваецца таксама міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы, лічыць віцэ-кіраўнік польскага МЗС:

- Беларускі дыктатар і яго нелегальная ўлада поўнасцю залежыць ад Уладзіміра Пуціна. Тое, што адбывалася на нашай усходняй мяжы ці на мяжы Літвы з Беларуссю – гэта атака, але і расійскі тэст. Ужо вясной можна спадзявацца чарговых масавых правакацый. На польска-беларускай мяжы праходзяць пастаянныя спробы нелегальнага перасячэння. Беларускі бок рыхтуецца да эскалацыі. Таму мы праводзім абарончыя і прафілактычныя дзеянні.

Учарашнія амерыканска-расійскія перамовы ў Жэневе доўжыліся восем гадзін. Намеснік дзяржсакратара Вэндзі Шэрман, якая ўзначальвала амерыканскую дэлегацыю, паведаміла, што ЗША пазнаёмілі Расію прапановамі аб размяшчэнні ракетных сістэм у Еўропе і ўзаемных абмежаваннях, датычных ваенных манеўраў.
Яна дадала, што не абмяркоўвалася пытанне аб колькасці амерыканскіх сіл у Еўропе, а пазіцыя па справе пашырэння НАТА была станоўчая.

PR1/аз