Беларуская Служба

Канфлікт з Украінай каштаваў бы Лукашэнку мільярды

11.02.2022 12:55
Паміж кіраўнікамі абедзвюх краін адбылася завочная палеміка наконт эканомікі, піша «Rzeczpospolita».
-
Беларуска-расійскія вучэнніPAP/EPA/RUSSIAN DEFENCE MINISTRY PRESS SERVICE HANDOUT

Лукашэнка абвясціў, што без паставак беларускага паліва ўкраінская ваенная тэхніка «праедзе максімум адзін дзень», і што калі б Беларусь нядаўна не паставіла электраэнергію, то ва Украіне «развалілася б уся сістэма». У адказ Уладзімір Зяленскі нагадаў, што ў мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай склаў больш за 6 мільярдаў долараў, з якіх 4,5 мільярда долараў імпартавана з Беларусі. – Хто ад гэтага прайграе? – спытаў ён рытарычна.

– Дрэнна, што мы трапілі ў залежнасць ад паставак з Беларусі так важных для нас нафтапрадуктаў. Без гэтых паставак мы не ў стане задаволіць попыт на паліва. І на загад Крамля Лукашэнка прыпыніць гэтыя пастаўкі, – кажа газеце «Rzeczpospolita» Аляксей Ганчарэнка, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад апазіцыйнай Еўрапейскай Салідарнасці.

Беларусь, ужо ахопленая пяццю санкцыйнымі пакетамі, пастаўляе ва Украіну не толькі паліва, якое вырабляецца на беларускіх НПЗ (з расійскай нафты, закупленай на льготных умовах), але і аўтобусы і грузавікі. Украіна не далучылася да заходніх санкцый супраць Мінска і з'яўляецца другім па значнасці гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. Украіна купляе, між іншым, электраэнергію, нягледзячы на тое, што АЭС у Астраўцы байкатуюць Літва і іншыя краіны ЕС.

– Немагчыма аддзяліць астравецкую электраэнергію, гэта адна сістэма. Гандаль з Украінай квітнее, як ні ў чым не бывала. Гэта старыя, сталыя дамоўленасці і ўзаемныя інтарэсы, – кажа выданню беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук. «Лукашэнка ідзе па думцы Пуціна, ківае, але ваяваць з Украінай ён не пойдзе, ён страціць мільярды долараў, гэта быў бы балючы ўдар па эканоміцы краіны», – дадае ён.

– Ільвіная доля прадукцыі Мазырскага НПЗ ідзе на ўкраінскі рынак, без гэтай кааперацыі Лукашэнку прыйшлося б закрыць НПЗ, – нагадвае вядомы кіеўскі эканаміст Аляксандр Акрыменка.

Больш за тое, нядаўна Лукашэнка заявіў, што вядзе перамовы з Кіевам аб супрацоўніцтве з украінскімі чыгункамі і адэскімі партамі, праз якія хоча пастаўляць у свет калійныя ўгнаенні.

ав

Мер Дняпра адказаў на ноту МЗС Беларусі ў сувязі з заменай чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы

10.02.2022 16:07
«Мы жывем у свабоднай краіне, разумееце?»