Беларуская Служба

Стратэгічная памылка Крамля

22.02.2022 14:19
На Усходзе Украіны Расія пачала гібрыдную вайну, з абстрэламі ўкраінскай тэрыторыі, з абвінавачваннямі ў падрыхтоўцы ўварвання, з медыйнымі і палітычнымі фейкамі.
Аўдыё
  • Палітыкі ды эксперты пра абвастрэнне на Усходзе Украіны.
Ілюстрацыйны здымакEPA/MIKHAIL KLIMENTYEV / SPUTNIK / KREMLIN POOL Dostawca: PAP/EPA

Захад заявіў, што будзе прытрымлівацца пазіцыі надзейнага і рашучага стрымлівання Расіі. Кітай заклікае да дээскалацыі. Сярод краін СНД няма падтрымкі расійскай ініцыятывы, апроч непрызнаных Абхазіі ды Пўднёвай Асетыі, данбаскіх сепаратыстаў ніхто не прызнаў, нават пуцінская марыянетка – Лукашэнка. Назіральнікі кажуць пра вялізарную стратэгічную памылку Крамля.  

Учора расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін прыняў рашэнне пра прызнанне незалежнасці ЛНР і ДНР. Сёння Дзяржаўная дума аднагалосна прагаласавала за ратыфікацыю пагадненняў аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе з «ДНР» і «ЛНР». І адразу прыняла папраўку аб неадкладным уступленні ратыфікацыі ў сілу.  

Пры гэтым МЗС РФ заявіла, што Расія вызнае так званыя ДНР і ЛНР у межах, у якіх «улады рэспублік ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы і юрысдыкцыю». Таксама Крэмль анансаваў дамову з "ДНР/ЛНР" аб аказанні ваеннай дапамогі ды стварэнні ваенных баз. Апроч таго на акупаваных тэрыторыях будзе выкарыстоўвацца расійскі рубель.

У адказ Зяленскі выступіў са зваротам да ўкраінскага народу ды анансаваў магчымы разрыў дыпламатычных адносін з РФ. Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў паспяшаўся заявіць, што Масква не жадае разрываць адносіны з Кіевам. Украінскія ўлады кажуць пра гатоўнасць да самабаброны, нават пагражаючы стварыць ядзерную зброю. Сітуацыя з Украінай патрабуе новых мер бяспекі, зазначае палітолаг Павал Усаў.

- Будапешцкі мемарандум пасля 2014 года ануляваны, ён сябе не спраўдзіў. Стварэнне ядзернай зброі Украінай – гэта ілюзорная магчымасць. Хутчэй патрэбна стварэнне новай сістэмы бяспекі для Украіны. Напрыклад, старэнне Заходніх ваенных баз, увядзенне туды заходніх войск.

На Захадзе рэакцыя пакуль падвойная. Адныя краіны, у тым ліку Польшча, кажуць пра тое, што «толькі жорсткая пазіцыя і палітычная абарона Украіны могуць спыніць агрэсара». Так прэзідэнт Польшчы адрэагаваў на прызнанне Крамлём так званых ДНР і ЛНР.

«У сітуацыі, калі прэзідэнт Расіі падрывае парадак Еўропы, усталяваны на мяжы 20-21 стагоддзяў, неабходна вялікае адзінства і цвёрдае стаўленне з боку НАТА, ЕЗ і краін нашага рэгіёну. Толькі жорсткая пазіцыя і палітычная абарона Украіны могуць спыніць агрэсара. Санкцыі неадкладна!», – напісаў у Twitter Анджэй Дуда.

Рашэнне Пуціна – гэта парушэнне міжнароднага права, - так пракаментаваў у Бруселі падзеі на ўсходзе Украіны міністр замежных спраў Збігнеў Раў, які сустрэўся з генеральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам.

- Гэта яшчэ адно і вельмі яскравае адмаўлення ад прынцыпаў міжнароднага права. Чарговае парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. У спалучэнні з вайсковым ціскам на Украіну вядзе да распаду цяперашняй архітэктуры бяспекі не толькі ва Усходняй Еўропе, але і ў дачыненні да Усходняга флангу NATO.

Іншыя краіны абмежаваліся крытыкай ды дробнымі санкцыямі. Так ЗША заявілі пра ўвядзенне прапарцыйных ды адрасных санкцыі за прызнанне «ЛНР» і «ДНР».  Гэта забарона паставак тавараў з і ў ДНР і ЛНР, не прызнанне расійскіх пашпартоў, выдадзеных жыхарам Данбасу. Як патлумачылі прадстаўнікі Францыі, «маштабныя санкцыі», якія Еўрасаюз загадзя ўзгадніў на выпадак «уварвання ва Украіну», пакуль не на парадку дня, у звязку з тым, што ўсё мае цану, і санкцыйны ціск мае  быць прапарцыйным рашэнню, што прыняў Пуцін.

Найбольш стрымана пакуль выказваецца Кітай.  Кітайскія ўлады заклікалі ўцягнутыя бакі да дээскалацыі і захавання спакою. Такім чынам прэс-сакратар кітайскага МЗС адказаў на пытанне аб пазіцыі Кітая па прызнанні Расіяй дзвюх сепаратысцкіх рэспублік. Міністэрства замежных спраў Кітая выказала занепакоенасць развіццём сітуацыі ва Украіне. Перадае кітайскі карэспандэнт Польскага радыё Тамаш Саевіч.

- Міністр замежных спраў Кітая выказаў занепакоенасць развіццё сітуацыі. Кітай падкрэсліў важнасць шанавання інтарэсаў кожнай краіны ды не парушэння Хартыі ААН. Кітай заклікае ўсе бакі захоўваць стрыманасць ды вырашаць спрэчкі шляхам дыялогу і дыпламатыі.

Пра сваё непрызнанне ДНР/ЛНР ужо заявіў Казахстан, іншыя постсавецкія краіны пакуль адмоўчваюцца, але падтрымкі Крамлю не выказваюць. Гэта ўсё сведчыць пра стратэгічную памылку Пуціна, перакананы вядомы ўкраінскі блогер, былы савецкі разведчык Юрый Швец.

- Тое, што зрабіў учора Пуцін стала яго самай вялікай памылкай за апошні час. Што меў Пуцін да сённяшняга дня. Расія фактычна кантралявала ЛНР/ДНР, там фактычна стаялі расійскія войскі, на чым трымала іх так званая “незалежнасць”. Пры гэтым Расія на ўсіх міжнародных пляцоўках абвінавачвала Украіну ў парушэнні Мінскіх пагадненняў. Стратэгічнай задачай Пуціна было інтэграваць гэтую ракавую пухліну ў цела Украіны. Што цяпер? Расія цяпер будзе працягваць кантраляваць гэтыя тэрыторыі, толькі як адкрыты парушальнік міжнароднага права. То бок яна нічога не атрымала новага, але займела вялізарныя клопаты. Галоўны – асабістая адказнасць Пуціна за агрэсію.              

Захад пераходзіць да пазіцыі надзейнага і рашучага стрымлівання Расіі. Ужо анансаваныя першыя стрымліваючыя меры. Сертыфікацыя "Паўночнага патоку - 2" будзе спынена, заявіў нямецкі канцлер Шольц. Вялікабрытанія ўводзіць санкцый супраць пяці банкаў, у тым ліку, банку Расія, а таксама персанальна супраць пуцінскіх алігархаў: Генадзя Цімчанкі, Барыса Ратэнберга і Ігара Ратэнберга.

Юры Ліхтаровіч