Беларуская Служба

Ці расіяне хочуць вайны? Ужо бачым, што так

24.02.2022 15:06
Палова расіян згодныя, што трэба сілаю не дапусціць уступлення Украіны ў НАТА. Але пытанне заўсёды ў тым, якая будзе цана.
Аўдыё
        .
Разбураны ў выніку выбуху будынак вайсковай часткі ў Кіеве. Расія пачала вайну супраць Украіны фота: EPA/Interior Ministry press service

Прэзідэнт Пуцін зацыклены на пытанні развалу Савецкага Саюзу, гэтую падзею ён лічыць самай вялікай трагедыяй для Расіі. І цяпер Пуцін у сваім шаленстве імкнецца да аднаўлення Савецкага Саюзу, хоча захапіць і вярнуць пад крылы Расіі тыя краіны, якія ўваходзілі ў склад СССР.

На самой справе ён ідзе далей – Уладзімір Пуцін намераны перавесці стрэлкі гадзінніка да часоў Расійскай імперыі, тых часоў, калі Расія была вялікай, яе баялася, але і праклінала вялікая частка свету – паднявольных народаў. Украіна стаіць косцю ў горле Пуціна ўжо даўно, з пачатку 90-ых, калі яна пачала аддаляцца ад Расіі. Калі Расія захапіла Крым, гэты працэс пайшоў яшчэ хутчэй і цяпер Расія страчвае Украіну ўжо назаўсёды. На думку кіраўніка Цэнтра ўсходніх даследаванняў Анджэя Эбэрхарта (Andrzej Eberhardt), Расія хоча вярнуць кантроль над Украінай. Аднак Пуцін хутчэй за ўсё не мае намеру захапіць усю Украіну, ён хоча праз дэманстрацыю сілы паўплываць на змену ўладаў краіны.

- Расія спрабуе дэманстрацыяй сілы і ўводам войскаў падпарадкаваць сабе ўсходнюю Украіну, паставіць Украіну на калені, аслабіць яе здольнасць абараняцца і ўстойлівасць грамадства. І тады ўвесці марыянеткавы ўрад у Кіеве, раззброіць дзяржаву. Я не думаю, каб танкі ўехалі на вуліцы Кіева, гэта малаверагодна. На маю думку, цягам нейкага часу расійскія войскі будуць акупаваць усходнюю Украіну, паралельна будуць адбывацца ракетныя ўдары на іншыя часткі краіны. Такая тактыка Пуціна, але ці ўдасца гэты сцэнар рэалізаваць – не ведаю. Галоўная мэта – знішчыць абаронны патэнцыял Украіны, другое – дэнацыфікацыя Украіны, па задуме Пуціна. Гэта, канешне, можна разумець як змену ўладаў у Кіеве.

Як расіяне ставяцца да вайны ва Украіне. Па-першае, у афіцыйным наратыве як агню пазбягаюць слова «вайна». Гэта, маўляў, ваенная аперацыя, бліцкрыг, вырашэнне сітуацыі і г.д. Што і зразумела, паколькі вайна ў расіян атаясамліваецца з Вялікай айчыннай, але тады вайна была «правільная», абарончая, людзі абаранялі свой дом, а цяпер навошта расіяне сунуцца на ўкраінскую тэрыторыю, каго яны абараняюць? Па-другое, незалежна ад таго, як называць вайну, зразумела, што яна прынясе ахвяры, а ўкраінцы будуць бараніцца. Гэта ўжо не тая Украіна, якая аддала Крым у 2014 годзе без адзінага стрэлу. Цяпер будуць ахвяры, і пра гэта неабходна казаць, пра гэта павінны крычаць вядомыя асобы – блогеры, артысты, музыканты. Расіяне павінны зразумець, што адбываецца, – кажа карэспандэнт Польскага радыё ў Маскве.

- Трэба даць людзям зразумець, што адбываецца нешта дрэннае. Калі нехта глядзіць расійскае тэлебачанне, ён жыве ў нейкай паралельнай рэальнасці. Большасць расіян не глядзіць незалежныя СМІ, яны ацэньваюць сітуацыю так, як яе прадстаўляюць па тэлебачанні: Захад – дрэнны, Еўрасаюз – дрэнны, пра Украіну ўжо не кажучы. А наш лідар – голуб міра. І частка расіян у гэта верыць. Паводле апытання пракрамлёўскага Цэнтра даследавання грамадскай думкі (ВЦИОМ), прыкладна 73% расіян падтрымлівае прызнанне ЛНР і ДНР. Гэта і не дзіўна, бо расіяне не ведаюць, што існуюць іншыя крыніцы інфармацыі, іншы вобраз, чым тое, што прадстаўляюць ім прапагандысты па тэлебачанні або на старонках афіцыйных газет.

У падручніках гісторыі, у тым ліку расійскіх падручніках па гісторыі праз нейкі час гэтую аперацыю назавуць так, як яна павінна называцца – вайной Расіі супраць незалежнай дзяржавы Украіны, – адзначае галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў.

- У палітычным плане гэтая гісторыя будзе называцца «нападзеннем Расійскай Федэрацыі на суверэнную Украіну». Пра гэта напішуць і ў расійскіх падручніках па гісторыі, можа не адразу, праз нейкі час. Пакуль што расіяне не жадаюць успрымаць, што гэта яны напалі. Славутае «хотят ли руские войны». Я нагадаю апытанне CNN, якое праводзілася ў Расіі – 50% расіян падтрымліваюць прызнанне ЛНР і ДНР. Будуць ахвяры. Расія ўжо цяпер плоціць за гэта высокую цану – аб’яднанне супраць сябе НАТА, Еўропы, свету. Паглядзім, ці Кітай далучыцца да рэзалюцыі Заходняй Еўропы з асуджэннем вайны. Я лічу, што гэта гістарычная памылка Пуціна. На ягоную думку, Украіна – гэта частка Расіі і ён хоча вярнуць гістарычныя землі. Ён мяркуе ўвайсці ў гісторыю як чалавек, які вярнуў гістарычную справядлівасць.

Гэта адказ на пытанне, якое задае сабе ўвесь свет – навошта гэта Пуціну, чаму ён гэта робіць. Немагчыма шукаць логіку і рацыяналізм у дзеяннях расійскага кіраўніцтва, гэта заснавана на эмоцыях і глыбока прыхаваных комплексах. Жыхары нашых краін павінны падрыхтавацца да таго, што свет цяпер будзе іншы, – кажа расійскі палітолаг Глеб Паўлоўскі.

- На месцы многіх людзей, я б зрабіў запасы пітной вады. Свет іншы, правілы адмянілі для ўсіх, у тым ліку і для Расіі. Гэта значыць, што і з намі будуць паступаць без правілаў – разбураць. Гэта жахлівае выпрабаванне для Расіі, у якое яе абсалютна без сэнсу занурыла яе кіраўніцтва. Мы зрабілі вельмі шмат памылак, якія прывялі да вайны. Мы не можам перамагчы ў гэтай вайне. Сядзьце і падумайце, як Расія магла б перамагчы ў вайне – вы не прыдумаеце.

Гэта вайна, за якую расіяне будуць саромецца ў будучым. Каментатары называюць яе ўжо другім Афганістанам для Расіі. Пуцін і Лукашэнка ўцягнулі ў чужую, абсалютна не патрэбную вайну, якую немагчыма выйграць, таксама беларусаў, але гэта ўжо тэма для іншай гутаркі.

нг