Ва Украіне ўведзена ваеннае становішча. Ракетна-бомбавыя ўдары нанесеныя па Кіеве, Луцку, іншых гарадах Украіна. Украінскія памежнікі заяўляюць, што ўдары нанесеныя і з Беларусі.
Рэгіянальныя недзяржаўныя медыя паведамляюць, што ў Гомельскай вобласці вельмі шмат вайсковай тэхнікі. Калоны рухаюцца ў бок Украіны. Ёсць інфармацыя, што ў Нароўлі рыхтуюць бальніцу для параненых, рэанімацыі, інтэнсіўныя тэрапіі. У вёсцы Церуха Гомельскага раёна, якая размешчана на трасе ў напрамку Кіева (пункты пропуску Новая Гута – Новыя Ярылавічы) праходзіць эвакуацыя насельніцтва. Былі паведамленні пра эвакуацыі ў прыгранічнай вёсцы ў Добрушскім раёне.
«Мы асуджаем Беларусь за тое, што яна зрабіла магчымым гэты напад», – гаворыцца ў заяве NATO.
Разам з тым Лукашэнка сёння раніцай заявіў, што беларускія войскі не бяруць удзелу ў нападзе на Украіну. Такую ж заяву агучыла і міністэрства абароны Беларусі. Аднак відэазапісы з памежных пунктаў пераходу беларуска-украінскай мяжы паказваюць, што вайсковая тэхніка заходзіла менавіта з Беларусі. Такім чынам Беларусь пераўтварылася як мінімум у памагатага ў вайне Расіі супраць Украіны.
Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што Лукашэнка будзе максімальна доўга ўстрымлівацца ад фізічнага ўдзелу ў вайне, бо яна непапулярная і не знаходзіць падтрымкі Разам з тым ён кажа, што ўлады Беларусі фактычна не кантралююць падзеі на тэрыторыі дзяржавы.
– Нельга казаць, што Беларусь прадставіла тэрыторыю. Думаю, у Беларусі ніхто і не пытаў хоча яна ці не хоча. Расійскія войскі засталіся тут пасля вучэнняў, а Лукашэнку даводзіцца рабіць міну пры кепскай гульні, маўляў, я сам папрасіў застацца. Бо вельмі ўжо непрыгожа глядзіцца, што ён не кантралюе, што адбываецца ў Беларусі.
Што тычыцца прызнання ЛНР/ДНР, то Лукашэнку гэтага, відавочна, не хацелася б. Сам факт прызнання – гэта апынуцца ў адным шэрагу з Сірыяй, Венесуэлай, Кубай. Да таго ж іх могуць запрасіць у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі. І статус Беларусі ў гэтай канфігурацыі моцна панізіцца. А калі ў гэты саюз запросяць яшчэ і Абхазію, Паўднёвую Асецію, то гэтая саюзная дзяржава будзе выглядаць як саюз марыянеткавых утварэнняў. Гэта будзе залежаць ад таго, наколькі гэта трэба Расіі. Калі моцна, то яна дацісне Лукашэнку. Калі не, то ён будзе выкручвацца.
Генеральны сакратар NATO Ёнс Столтэнберг заявіў, што напад Расііі на Украіну з'яўляецца жорсткім актам вайны. Ён запэўніў у падтрымцы ўкраінцаў.
– Нягледзячы на ўсе заклікі Расіі змяніць курс і нястомныя намаганні знайсці дыпламатычнае рашэнне, мір на нашым кантыненце быў разбураны. Цяпер мы сутыкаемся з вайной у Еўропе ў маштабах, якія лічылі гісторыяй.
NATO вырашыла ўзмацніць свой усходні фланг. У заяве Паўночнаатлантычнага альянсу згадваюцца дадатковыя сілы на моры, на сушы і ў паветры. Таксама ёсць інфармацыя аб павышанай гатоўнасці сіл аператыўнага рэагавання.
«Мы асуджаем Беларусь за тое, што яна зрабіла магчымым гэты напад», – гаворыцца ў заяве NATO.
вх