У пятніцу ўзурпатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Маскву, да свайго заступніка Уладзіміра Пуціна. Мы запыталі эксперта, якія мэты можа ўтрымліваць візіт.
На гэты раз, калі Лукашэнка адправіўся на аўдыенцыю, а хутчэй «на дыван» да свайго заступніка, першая думка наконт мэтаў паездкі – гэта не просьба даць пару мільярдаў долараў, а просьба дазволіць не ўмешваць беларускую армію ў братазабойчую вайну, якую вядзе пуцінскі рэжым ва Украіне. Хаця, нават калі Лукашэнка выдасць загад беларускаму войску пачаць вайну супраць украінцаў, ён можа быць цалкам або часткова праігнараваны камандаваннем, а тым больш шараговымі салдатамі. Аднак у Пуціна яшчэ ёсць рычагі прымусу, якімі ён можа ўздзейнічаць на Лукашэнку.
Пра мэты паездкі Лукашэнкі ў Крэмль разважае палітолаг, гісторык Павел Усаў.
1.Размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі – стратэгічнай або тактычнай, каб пагражаць Украіне і краінам Захаду, у тым ліку Польшчы і краінам Балтыі.
2.Больш актыўны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Украіне. Магчыма, зліццё і падпарадкаванне беларускага вайсковага кіраўніцтва Генеральнаму штабу Расіі, што фактычна азначае ўмоўную ліквідацыю незалежнасці беларускага войска. І ўключэнне ў вайсковыя дзеянні ва Украіне.
3.Эканоміка. Расійская эканоміка валіцца, асабліва прамысловасць, звязаная з ВПК. Магчыма, Беларусь будзе змушаная перанакіраваць сваю прамысловасць на патрэбы райскага акупацыйнага войска.
4.Харчовая дапамога Расіі. У краіне магчымы дэфіцыт прадуктаў, тавараў першай неабходнасці. Магчыма, Беларусь стане базай забеспячэння буйных гарадоў – Масквы, Пецярбурга, каб не дапусціць там галодных бунтаў.
Расія ніколі не будзе такой, якой яна была да 24 лютага 2022 года. Вельмі доўга яна не будзе прывабнай дзяржавай, яшчэ доўга туды людзі не паедуць на заробкі, а замежжа не будзе з ёй супрацоўнічаць. А пакуль што расійскія акупанты забіваюць і грабяць мірных жыхароў украінскіх населеных пунктаў, праз якія праходзіць лінія фронту. Увесь свет даведаўся пра гераічную абарону гарадка Буча пад Кіевам. Зусім непадалёк ад лініі фронту жыве, а хутчэй жыў вядомы беларускі аналітык, блогер, эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. Яму ўдалося выбрацца з пекла, у якое ператварылася наваколле. Вось што ён расказаў у сваім блогу пра паводзіны расійскіх акупантаў. І ўдзел у нападзенні Беларусі.
- Да апошняга я спадзяваўся, што ў беларускіх уладаў застаюцца рэшткі суб’ектнасці, каб не пайсці ва Украіну, але Лукашэнка гатоў быў пайсці і пайшоў на ўсё. Ракеты стартавалі з тэрыторыі Беларусі, адтуль стартавалі верталёты. Прарваліся і пайшлі па сушы. Акупанты спрабавалі прарвацца на Кіеў, у мой пасёлак увайшлі расіяне. Яны вырашылі не ездзіць па вялікіх дарогах, каб не падстаўляцца пад удар, а выкарыстоўваць у якасці прыкрыцця жылыя кварталы. Пачалася акупацыя. Мы даведаліся, што такое «рускі мір». Стала зразумела, што можна весці бой, прыкрываючыся мірнымі жыхарамі. Пранікалі ў кватэры, дамы, забіралі мабільнікі. Перапужаныя, нарваныя, нахабныя. Калі тэхніка ад’ехала, мы даведаліся, што ў нас на тэрыторыі жыллёвага комплексу чатыры трупы. У дамах было 40 чалавек, забітыя 10%. Адзін сусед выйшаў пакурыць на балкон, адзін выносіў смецце, аднаго расстралялі, калі вырашаў пытанне гуманітарнай дапамогі, адзін проста ішоў дадому. Марадзёры ўломваліся ў дамы, што не маглі забраць – абасралі. Тэхніку, якую не маглі ўнесці, разбівалі. Тое, што мы бачылі ў фільмах пра Другую сусветную вайну – тое ж самае, толькі на месцы нацыстаў трэба паставіць рускага салдата.
Пакуль украінцы змагаюцца з расійскімі акупантамі, Беларусь пераўтварылася ў фактычна акупаваную тэрыторыю. Што гэта азначае для жыхароў краіны – разважае Павел Усаў.
- Паскораная дэградацыя тых рэшткаў стабільнасці, якая яшчэ існавала пасля 2020 году і санкцый. Вельмі моцнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і дабрабыту Беларусі. Дэфіцыт тавараў, праблемы з выплатамі заробкаў, пенсіяў. Больш слабая гаспадарка Беларусі трымалася за кошт фінансавай дапамогі з Расіі. Зараз гэтай падтрымкі не будзе, што яшчэ больш аслабіць рубель і эканамічную сістэму. Фактычна Беларусь апынецца ў сур’ёзнай палітычнай і эканамічнай блакадзе. Гэта паскорыць разбурэнне сістэмы, якую будаваў Лукашэнка.
Падчас сустрэчы Пуцін павіншаваў беларускага дыктатара з «перамогай» на рэферэндуме, а Лукашэнка тры разы назваў «свінствам» санкцыі захаду ў адносінах Расіі і паказаў мапу, з якой вынікала, што Украіна першай збіралася напасць на Беларусь. Яшчэ адна хлусня ў багатую калекцыю.
нг