У аўторак прэм’еры Польшчы, Чэхіі і Славакіі здзейснілі візіт у Кіеў. Паездка палітыкаў, якая характарызавалася надзвычайным сімвалізмам, стала першай паездкай замежных лідараў ва ўкраінскую сталіцу, акружаную расійскай арміяй.
Прэм'ер-міністры Польшчы, Чэхіі і Славеніі Матэвуш Маравецкі, Петр Фіала і Янез Янша сустрэліся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Кіеве.
Еўрапейскія палітыкі прыбылі ва Украіну на цягніку. Яны правялі перамовы з Зяленскім, а таксама з украінскім прэмʼерам Дзянісам Шмыгалем. Украінскі прэзідэнт падрабязна распавёў ім аб становішчы ў краіне.
«Яны (расійскія ваенныя – рэд.) страляюць па ўсёй тэрыторыі. Не толькі па Кіеве, але і па заходніх раёнах», – адзначыў Зяленскі.
«Ваш візіт у Кіеў у такі цяжкі для Украіны час – гэта вялізны знак падтрымкі. Мы высока гэта цэнім», – зазначыў пасля сустрэчы прэзідэнт Зяленскі.
У сваю чаргу Маравецкі напярэдадні прыбыцця ва Украіну напісаў у сацсетках, што «мы павінны як мага хутчэй спыніць гэтую трагедыю, якая разгортваецца на ўсходзе». Маравецкі пры гэтым зазначыў, што Украіна карыстаецца «безумоўнай падтрымкай» ЕС.
Шмыгаль у сваю чаргу адзначыў мужнасць «сапраўдных сяброў Украіны». Ён дадаў, што ў фокусе ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы – падтрымка Кіева і «ўзмацненне санкцый супраць расійскай агрэсіі».
Візіт еўрапейскіх палітыкаў у Кіеў арганізаваны па ўзгадненні з кіраўніком Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем і старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйен.
Мэта візіту – пацвердзіць падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Украіны з боку ўсяго Еўрапейскага Саюза і прадставіць шырокі пакет дапамогі для ўкраінскай дзяржавы і ўкраінскага грамадства.
Кіраўнікоў кабмінаў суправаджаў таксама віцэ-прэмʼер Польшчы, старшыня кіруючай кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Ва ўрадзе ён адказвае за каардынацыю сілавых ведамстваў. Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі Качыньскі заклікаў накіраваць ва Украіну міжнародную міратворчую місію – магчыма, НАТА ці «нейкай шырэйшай міжнароднай структуры». Пры гэтым ён падкрэсліў, што такога кшталту місія павінна атрымаць падтрымку зброяй.
- Неабходная міратворчая і гуманітарная місія НАТА, магчыма, таксама іншых арганізацый, але місія, абароненая зброяй, на тэрыторыі Украіны. Украіна зʼяўляецца суверэннай дзяржавай, і калі яна пагодзіцца на місію, то гэтага дастаткова. У святле міжнароднага права гэта дапушчальна і ні ў якім разе не будзе сasus belli.
Яраслаў Качыньскі сказаў, што Украіна, змагаючыся з Расіяй, змагаецца таксама ў абарону еўраамерыканскай цывілізацыі.
- Для яе абароны патрэбна адвага, смелыя рашэнні, адхіленне ўсіх тых прынцыпаў, якія нават зараз лічацца непарушнымі. Патрэбная гатоўнасць, на маю думку, да бачнай рызыкі.
Уладзімір Зяленскі падзякаваў палітыкам за візіт і запрасіў іншых таксама ва ўкраінскую сталіцу, нягледзячы на тое, што ў дзяржаве ідзе вайна.
- Я запрашаю нашых сяброў наведаць Кіеў. Тут можа быць небяспечна, бо наша неба надалей не закрытае для расійскіх ракет і самалётаў (...). Але ўвага цэлага свету цяпер – на Кіеве. І кожны, што ў гэты момант з намі, атрымае ўдзячнасць не толькі нашу, але і іншых народаў свету.
Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў, што Еўропа без Украіны будзе сімвалам паражэння, слабасці і знявагі. Кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што дзеянні Украіны па барацьбе з расійскай агрэсіяй павінен зразумець і падтрымаць увесь свет, не толькі еўрапейцы.
- Кіеў стаіць на першай лініі абароны найважнейшых еўрапейскіх каштоўнасцяў: свабоды, незалежнасці, права на выбар, жыцця чалавека і дэмакратыі. Мы хочам звярнуцца да сумлення ўсіх еўрапейцаў і людзей добрай волі ва ўсім свеце.
Тым часам сусветныя СМІ пішуць аб выказванні салідарнасці Украіне з боку прэмʼер-міністраў трох краін у Кіеве. Каментуючы візіт у аўторак у Кіеў прэмʼер-міністраў Польшчы, Чэхіі і Славені з удзелам віцэ-прэмʼера Польшчы, сусветныя СМІ пішуць аб смеласці і салідарнасці гэтых палітыкаў і рызыцы, звязанай з такой паездкай. Некаторыя медыя падкрэсліваюць, што Польшча на працягу многіх гадоў правільна перасцерагала Еўропу перад расійскай агрэсіяй, але яе меркаванне не заўсёды было выслухана.
«Сімволіка вельмі моцная. Чэхі і палякі былі падпарадкаваныя СССР і дзесяцігоддзямі жылі пад камуністычным кіраваннем. Цяпер растуць апасенні, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін паспрабуе вярнуць час назад на больш чым 30 гадоў і аднавіць савецкую зону ўплыву», – піша New York Times.
Тэлебачанне CNN адзначае, што Матэвуш Маравецкі зрабіў націск на абарону Украіны таксама таму, што ўкраінцы змагаюцца не толькі за ўласную свабоду і бяспеку, але таксама «за нас».
У сваю чаргу Time звяртае ўвагу на сімвалічную прысутнасць у Кіеве Яраслава Качыньскага і ўспамінае ў гэтым кантэксце словы яго загінулага ў Смаленскай катастрофе брата – прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, сказаныя ў 2008 годзе ў Тбілісі: «Сёння Грузія, заўтра Украіна, паслязаўтра дзяржавы Балтыі, а потым, магчыма, прыйдзе чарга маёй краіны, Польшчы».
Інтэрнэт-выданне Politico, як і многія іншыя СМІ, звяртае ўвагу на тое, што візіт у Кіеве адбыўся ў той час, калі расійскія войскі стаяць на подступах да горада і абстрэльваюць яго.
Нямецкая газета Die Welt звяртае ўвагу на тое, што «краіны Усходняй Еўропы мелі рацыю ў сваім скептыцызме наконт Расіі».
вс