Гэта быў сімвалічны акт, але таксама важны, таму што сустрэчы ўжывую, якія адбываюцца на тэрыторыі, дзе праходзяць ваенныя дзеянні, вельмі важныя, – сказаў у інтэрв'ю для выдання «Fakt» амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дэшчыца, маючы на ўвазе візіт кіраўнікоў урадаў трох краін у Кіеў. Візіт адбыўся на пачатку гэтага тыдня.
Амбасадар Украіны ў Польшчы прызнаў, што візіт у Кіеў прэмʼер-міністраў Польшчы, Чэхіі і Славеніі, а таксама віцэ-прэмʼера Яраслава Качыньскага быў успрыняты ўкраінцамі з вялікім энтузіязмам і перакананнем, што «у нас ёсць надзейныя партнёры, якія нават у такі складаны ваенны час, небяспекі нават самой паездкі, дабраліся да Кіева і правялі перамовы з кіраўніцтвам краіны. Гэта яшчэ мацней падбадзёрыла ўкраінцаў да барацьбы», – адзначыў Дэшчыца.
Ён дадаў таксама, што візіт у Кіеў, безумоўна, стане гістарычным. «Мы спадзяемся, што падобныя ініцыятывы будуць працягваць развівацца. Я маю на ўвазе міратворчую місію, падтрымку НАТА або дапамогу Украіне ў выглядзе стварэння фонду рэканструкцыі», – адзначыў амбасадар Дэшчыца.
Ён таксама падкрэсліў, што Украіне цяпер патрэбная «ваенная місія, якая магла б, прынамсі, садзейнічаць усталяванню міру. Адпраўляць звычайную невайсковую міратворчую місію даволі небяспечна, бо расейцы яе проста расстраляюць», – сказаў выданню «Fakt» амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дэшчыца.
яс