Беларуская Служба

Хлуслівы наратыў расійскай прапаганды пацвярджае, што ў Расія назіраецца звычайны фашызм

23.03.2022 11:05
Вельмі важная прыкмета кожнага фашызму – абсалютная і ўсеаб’емная хлусня.
Аўдыё
  • Прапаганда расійскага фашызму
       ,
різними каналами росія поширює брехливу інформацію про Україну, щоб виправдати свою агресію Pexels/CC0 License

Паводле дадзеных Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, актуальных на панядзелак, ва Украіне ў выніку вайны з Расіяй загінулі як мінімум 925 мірных жыхароў, каля 1,5 тыс было паранена. Гэтыя дадзеныя, канешне, далёка не поўныя. Амаль няма сувязі з гарадамі, якія знаходзяцца ў расійскай аблозе, перш за ўсё з Марыупалем, дзе застаюцца тысячы мірных жыхароў, у тым ліку шмат дзяцей. Перад вайной у горадзе пражывала каля 400 тыс. чалавек, з гораду выехалі дзясяткі тысяч, але вельмі шмат людзей застаецца ў знішчаным горадзе, дзе практычна не засталося цэлых будынкаў. Яны змагаюцца за існаванне ў жахлівых умовах – без электрычнасці, вады, газу, абагрэву, пад несупыннымі абстрэламі расійскіх войскаў.

Тым часам у Расіі афіцыйныя асобы і прапаганда расказваюць, што падчас «спецаперацыі» выкарыстоўваецца высокадакладная зброя. Разбурэнні жылых дамоў, школ, бальніц спісваюць на нейкіх міфічных «бандэраўцаў». Сцвярджаюць, што гэта Украіна сама сябе бамбіць. Разбураныя гарады стараюцца ў эфіры дзяржаўных СМІ не паказваць. Не паказваюць разбомбленых школаў, бальніц, радзільных дамоў і цэлых жылых кварталаў. А калі і прызнаюць знішчэнні, то тлумачаць, што ўкраінцы самі сябе бамбяць. Гэта цяжка сабе нават уявіць, – кажа гісторык, прафесар Мікалай Іваноў.

- Гэта страшна, нельга нават апісаць. Я б звярнуў увагу, што тое, што адбываецца ва Украіне, гэтае злачынства, невядомае бальшыні расіян. Калі яны сядаюць вечарам глядзець навіны, яны бачаць зусім іншую інфармацыю. Калі бомбы ўпалі на тэатр у Марыупалі, дзе хаваліся больш за тысячу мірных жыхароў, афіцыйная інфармацыя была, што ўкраінскія фашысты замініравалі тэатр і яго ўзарвалі. Украінцы самі сябе бамбяць. Афіцыйны наратыў прапаганды – расійская армія не змагаецца з украінскай арміяй, а толькі з украінскімі фашыстамі, забойцамі дзяцей. Вайна прапаганды нават больш жорсткая, чым тая вайна, якая ідзе на полі бою.

Апошнія гады мы назіралі за нараджэннем звычайнага расійскага фашызму, галоўная праява якога – у пачуцці перавагі сваёй нацыі над іншымі народамі. Славуты расійскі музыкант, заснавальнік калектыву «Машина времени» Андрэй Макарэвіч, які неаднаразова падтрымліваў Украіну, нагадаў надоечы расіянам аб ганебным лёсе нямецкага Трэцяга рэйха і заявіў, што зараз сучасны свет сутыкнуўся з Чацвёртым рэйхам. У Расіі цяпер сапраўдны фашызм.

«Нават Гітлеру не прыйшло ў галаву абвясціць, што савецкае войска само разбамбіла свае гарады, узяла ў блакаду Ленінград, каб дыскрэдытаваць міралюбівы Рэйх. Тым, хто яшчэ не зразумеў, што мы ўжо ў Чацвёртым рэйху, трэба неадкладна ўспомніць, чым скончыўся Трэці», – напісаў Макарэвіч.

Прапагандысцкі наратыў першых дзён вайны – «дзе вы былі 8 гадоў» – сышоў з павесткі. Мінабароны Расіі толькі адзін раз дало справаздачу аб стратах сярод вайскоўцаў. Было гэта два тыдні таму. Новы матыў вайны – знішчэнне нейкага міфічнага віруса і біялагічнай зброі. Раней паведамлялася пра прусакоў і блашчыц, а цяпер знайшлі нейкіх птушак, якіх амерыканцы заражалі вірусамі «супраць рускіх» і планавалі перакідваць у Расію. Напрыклад, гендырэктар «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін заявіў: «Гэтая зброя ўздзейнічае як на рэпрадуктыўную функцыю жанчын пэўнай нацыянальнасці, так і ў цэлым на імунную сістэму канкрэтнага этнасу, выклікаючы алергіі, непераноснасць у адносінах да традыцыйнай ежы і схільнасць да захворванняў, якія прыводзяць да паслаблення імунітэту нацыі і яе вымірання без уздзеяння войнаў».

Такім чынам, адносіны расіян да ўкраінцаў за чатыры тыдні памяняліся дыяметральна, на 180 градусаў. Яшчэ нядаўна расійская прапаганда пераконвала, што расіяне і ўкраінцы – адзін народ. Цяпер жа кожны бачыць, што ўкраінцы пайшлі вельмі далёка наперад па цывілізацыйным шляху. Вельмі шкада звычайных людзей, якія пакутуюць з-за імперскіх амбіцыяў пуцінскай Расіі і шкада, што Беларусь нясецца ў прорву следам за рускім ваенным караблём.

нг