Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы падрыхтавала спіс 45 расійскіх дыпламатаў, якія вядуць шпіёнскую дзейнасць і павінны пакінуць краіну – піша Gazeta Wyborcza. Гэта будзе жорсткае абмежаванне расійскага персаналу, паколькі афіцыйна ў Польшчы працуе каля сотні расіян. Расія заявіла ўжо пра сіметрычныя крокі ў адказ на рашэнне польскіх уладаў.
Прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын заявіў, што расійскія спецслужбы ўсё больш агрэсіўна дзейнічаюць супраць Польшчы. Да гэтых людзей неабходна ставіцца як да асоб, якія парушаюць венскую канвенцыю, а яна акрэслівае рамкі працы дыпламатаў. Яны вядуць шпіёнскую дзейнасць ад імя спецслужбаў Расіі – дадаў Жарын.
На працягу месяца вайны Расіі супраць Украіны польскія ўлады стрымліваліся ад якіх-небудзь крокаў у адносінах расійскіх дыпламатаў. Значна больш актыўнымі былі суседзі Польшчы. Чэскі ўрад ужо праз некалькі дзён пасля пачатку вайны вырашыў закрыць расійскія консульствы ў Брне і Карлавых Варах і ганаровы кансулат у Астраве, а таксама свае кансуляты ў Санкт-Пецярбургу і Екацерынбургу. Прага вырашыла таксама спыніць выдачу візаў гроамадзянам Расіі і заклікала іншыя краіны зрабіць тое ж. Апошнімі днямі Літва, Латвія, Эстонія і Балгарыя заявілі, што выдаляць агулам 20 расійскіх дыпламатаў. 12 расіян былі аб’яўленыя персонамі нон-грата таксама ў ЗША.
Польшча здаўна з’яўляецца цэллю расійскай прапаганды. Пасля нападу на Украіну ў папулярных тэлеперадачах крамлёўскіх каналаў часта гучыць тэматыка атаку на Польшчу, а таксама акупацыі краінаў Балтыі. Нядаўна спецыяльны ліст пра Польшчу напісаў былы прэзідэнт і прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядведзеў, у якім польскія ўлады ён называе «васаламі Амерыкі, пазбаўленымі палітычнага таленту, якія давядуць краіну да руіны». No comments.
нг