Праца дэлегацыі пачалася сустрэчай у Кіеве з першым намеснікам спікера Вярхоўнай Рады Аляксандрам Карняенкам. Гэта самы высокі ўзровень палітычных кантактаў беларускіх дэмсіл за апошні час. Натуральна, асноўная праблема, якая хвалюе ўкраінскі бок, гэта надалей магчымы ўдзел беларускіх войскаў ва Украіне на баку Расіі, расказвае Валеры Кавалеўскі.
-Іх гэта турбуе не таму, што яны не могуць справіцца з праблемай, але таму, што гэта вельмі моцна негатыўна адаб’ецца на адносінах беларусаў і ўкраінцаў, што будзе мець эфект на цэлыя пакаленні наперад. Было прыемна пачуць, як высока ацэньваюць ролю беларускіх добраахвотнікаў. Мы правялі шэраг сустрэч з выканаўчай уладай Украіны на досыць высокім узроўні, дзе мы данеслі сваю пазіцыю. Мы адзначылі, як важна разам змагацца супраць Лукашэнкі. Гэта чалавек, які сваімі рашэннямі прывёў Беларусь да фактычнай акупацыі.
Дэлегацыя дэмсіл сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Частка беларусаў надалей застаецца ва Украіне, часта гэта людзі, якія па палітычных матывах з’ехалі з Беларусі і свой прытулак атрымалі ва Украіне. Валеры Кавалеўскі перадае ад іх пасыл.
-Салідарнасць важная, але на сёння – гэта другасная справа. На першы план павінны выходзіць практычныя крокі дапамогі тым, хто ва Украіне застаецца. Гаворка пра фінансавую дапамогу і рыштунак для добраахвотнікаў. Мы таксама сустрэліся з прадстаўнікамі батальёну Кастуся Каліноўскага. У Львове мы сустрэліся з беларускімі валанцёрамі. Мы выслухалі шмат заўваг, у тым ліку крытычных, калі казаць пра палітычную пазіцыю, у тым ліку офіса Святланы Ціханоўскай. Гэта дапамагае нам лепш зразумець беларусаў у замежжы.
У Львове таксама прайшлі працоўныя сустрэчы з органамі дзяржаўнага кіравання. Іх мэта – наладзіць лепшую супрацу ў галіне інфармацыйнай бяспекі. Валеры Кавалеўскі адзначае, што беларускія дэмсілы могуць дапамагаць украінцам, у прыватнасці, лепш разабрацца ў беларускім кантэксце.
-Гэта дапаможа нам лепш змагацца з дэзінфармацыяй і прапагандай. Гэта павінна прывесці да таго, каб Беларусь у выніку не ўзяла ўдзел у баявых дзеяннях, каб Беларусь увогуле была выключаная з гэтай вайны. 25 сакавіка мы сустрэлі на Майдане незалежнасці. Сімвалічна, што мы былі ў тым месцы, у той краіне, горадзе, які ведае, што такое змагацца за сваю незалежнасць, рабіць гэта смела, мужна і эфектыўна. Гэта нам, беларусам, трэба надалей працягваць рабіць. Нашая незалежнасць – нашая найвышэйшая каштоўнасць. Нашая барацьбе не скончаная, а кожны можна рабіць яшчэ больш, каб абараніць незалежнасць краіны.
Украінскія партнёры сярод іншага звярталі ўвагу на праблемы з інфармаваннем пра падтрымку беларусаў, іх змаганне на баку ўкраінцаў, валанцёрскую і фінансавую дапамогу. Такая дапамога ёсць, яна рэалізоўваецца ў розных напрамках. З апошніх навін: Фонд Bysol набыў ужо дзясяты эвакуацыйны джып для медыкаў Першага добраахвотнага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова, а беларусы Нідэрландаў і Бельгіі набылі для Украіны 5 машын хуткай дапамогі, адна з іх – для 72-й брыгады.
ав