З 24 лютага, з пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны, Еўрасаюз выдзеліў 1 мільярд еўра на абаронныя выдаткі Кіева. Пры гэтым у Маскву за энергарэсурсы паступіла 35 мільярдаў еўра, – піша Gazeta Wyborcza.
На гэты факт звярнуў увагу кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль у інтэрв'ю для іспанскага штодзённіка La Razon, указваючы на неабходнасць як мага хутчэй паменшыць залежнасць еўрасупольнасці ад расійскіх паставак газу, нафты і вугалю.
- Не сакрэт, што Расіі вельмі патрэбная цвёрдая валюта. З-за санкцый гандаль сыравінай – гэта практычна адзіны спосаб атрымаць яе. Але, як бачыце, гэта дастатковы шлях, каб грошы з Захаду магутным патокам пацяклі ў Расію, – сказаў кіраўнік дыпламатыі ЕС.
Барэль дадаў, што ў інтарэсах ЕС падтрымаць Кіеў дадатковай зброяй. У адваротным выпадку расійскія агрэсары цалкам знішчаць Украіну з фіналам у выглядзе акупацыі і тысячамі забітых, падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі ЕС. Ён дадаў, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму сёння трэба «менш апладысментаў і больш дапамогі».
Пакуль жа сітуацыя парадаксальная. Расія выйграе ад яе злачыннай палітыкі. Пасля ўварвання ва Украіну цэны на газ і нафту ўзляцелі. Паводле звестак Bloomberg Economics, сёлета ад экспарту энергарэсурсаў Крэмль заробіць ажно 321 мільярд долараў. Гэта на траціну больш чым летась!
яс