Беларуская Служба

Лукашэнка ідзе да Пуціна па падтрымку

12.04.2022 10:42
Ён спадзяецца, што вайна спыніць міжнародную ізаляцыю Беларусі.
Аляксандр ЛукашэнкаАўтар: Okras - Уласны твор, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34558726

Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным. Абодва лідары павінны паразмаўляць, між іншым, аб сітуацыі ва Украіне. Беларусь хоць і не пасылала ўласныя войскі да суседа, але зрабіла сваю тэрыторыю даступнай расіянам для агрэсіі. Лукашэнка спадзяецца, што вайна дапаможа яму спыніць міжнародную ізаляцыю, у якую ён трапіў пасля падаўлення паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе. Кіеў па-ранейшаму баіцца нападу беларускай арміі, але грамадства краіны супраць прамога ўдзелу ў канфлікце, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Аляксандр Лукашэнка з Уладзімірам Пуціным сустракаюцца на будаўніцтве касмадрома Усходні ў азіяцкай частцы Расіі. – Будзе абмен думкамі па сітуацыі вакол Украіны, – анансаваў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. «Прэзідэнты ў формуле сам-насам абмяркуюць актуальныя пытанні развіцця двухбаковых адносін, сумесныя меры супрацьдзеяння санкцыйнаму ціску калектыўнага Захаду, сітуацыю ў рэгіёне і свеце, падзеі ва Украіне», – напісаў «Пул Першага».

Таксама Лукашэнка хоча пагутарыць з мясцовымі палітыкамі аб гандлёвай кааперацыі. З гэтай мэтай ён сустрэнецца ва Уладзівастоку з губернатарам Прыморскага краю Алегам Каземяком. У расійскім парламенце чакае разгляду законапраект, які дазваляе беларускім кампаніям і грамадзянам заключаць дагаворы на выкананне будаўнічых работ на касмадроме.

Беларускі кіраўнік дамагаецца кампенсацыі страт, панесеных з-за вайны. Палову прадукцыі Мазырскага НПЗ экспартавала ва Украіну. Прыпыненне паставак паліва – гэта праблема для Украіны, якая вымушана дыверсіфікаваць свой імпарт ва ўмовах вайны, але і для Беларусі. У бліжэйшы час будзе яшчэ горш. 16 красавіка беларускім і расійскім грузавікам будзе забаронена перасячэнне мяжы ЕС. «З боку варожых заходніх краін я б назваў гэта эканамічным генацыдам. Яны хочуць цалкам знішчыць многія ключавыя галіны нашай эканомікі. Але ў нас ёсць варыянты прадухіліць гэта. Трэба проста пераарыентавацца на іншыя рынкі», – сказаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

ав

Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца 12 красавіка. Гэта іх трэцяя сустрэча з пачатку года

10.04.2022 15:07
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прыляцяць на касмадром «Усходні». Там яны паглядзяць, як працягваецца будаўніцтва касмадрома, узнагародзяць касманаўтаў.