Беларуская Служба

Галоўны хірург украінскай арміі расказаў пра тое, як ваенныя медыкі ратуюць украінскіх вайскоўцаў

13.04.2022 13:48
«Вайна паміж Расіяй і Украінай 24 лютага падзяліла жыццё ўсіх украінцаў на да і пасля».
Галоўны хірург Узброеных сіл Украіны палкоўнік Канстанцін Гумянюк YouTube/screen

Віннічанін Канстанцін Гумянюк – галоўны хірург Узброеных сіл Украіны. Вайна заспела палкоўніка медыцынскай службы на ўсходзе Украіны, дзе ён быў у камандзіроўцы, і з таго часу кожны дзень на яго аперацыйным стале ляжаць дзясяткі байцоў, большасць з якіх цяжка параненыя. Пра гэта піша Gazeta Wyborcza.

«Вайна паміж Расіяй і Украінай 24 лютага падзяліла жыццё ўсіх украінцаў на да і пасля», – гаворыць 48-гадовы ўрач. У першыя гадзіны нападзення, на жаль, з'явіліся і так званыя «грузы 200», калі ваенныя хірургі і анестэзіёлагі былі бяссільныя.

Афіцэр кажа, што ўдары былі нанесеныя па многіх гарадах, у сувязі з чым усе ваенныя мабільныя госпіталі і ваенна-медыцынскія клінічныя цэнтры па ўсёй краіне пачалі прымаць воінаў.

«Кожны дзень я бачу параненых. У аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі – найбольш цяжкія пацыенты са шматлікімі траўмамі тулава, канечнасцяў, ШВЛ, многім выконваем пераліванне крыві», – гаворыць ваенурач.

Канстанцін Гумянюк зазначае, што важным фактарам зʼяўляецца «залатая гадзіна». Гэта значыць, што калі параненых даставяць у шпіталь на працягу гадзіны пасля ранення, то выжывальнасць вельмі высокая. Калі пасля траўмы праходзіць 2-4 гадзіны, то смяротнасць павялічваецца. «У кожнага ваеннага хірурга ёсць інструкцыя – мы змагаемся за сваіх герояў да апошняга. У нас няма паняцця «безнадзейны выпадак», – гаворыць палкоўнік медыцынскай службы.

Паводле яго слоў, у параўнанні з 2014 годам, калі Расія першы раз здзейсніла агрэсію супраць Украіны, значна больш траўміраваных і, адпаведна, аперацыйных умяшанняў. У многіх вайскоўцаў – шматлікія агнястрэльныя раненні органаў грудной клеткі і брушной поласці, чэрапа, канечнасцяў. Здараецца, што металічнымі аскепкамі знявечана ўсё цела. Хірург расказвае, што здараліся выпадкі траўмаў ад выкарыстання пашыральных куль і фосфарных снарадаў, якія забароненыя Жэнеўскай канвенцыяй.

«Але гэта не спыняе ворага. Напрыклад, экспансіўныя кулі валодаюць высокай кінетычнай энергіяй і разбуральным дзеяннем. У выпадку іх траплення ў неабароненае цела яны наносяць вялікія пашкоджанні тканак, таму гэты від боепрыпасаў лічыцца негуманным. Такія кулі рускія ўжывалі ў Сірыі, а цяпер і ва Украіне», – гаворыць галоўны хірург украінскай арміі.

Лекар зазначае, што пасля ранення гэтымі кулямі аперацыйныя ўмяшанні надзвычай цяжкія, бо пашкоджваюцца многія органы, у сувязі з чым смяротнасць вельмі высокая. Палкоўнік Гумянюк таксама гаворыць, што сустракаў выпадкі раненняў і апёкаў сярод мірнага насельніцтва ў сувязі з выкарыстаннем захопнікамі фосфарных боепрыпасаў, прыняменне якіх у населеных пунктах забаронена міжнароднымі канвенцыямі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс