Намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў мяркуе, што ў выпадку ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў НАТА Масква павінна размясціць у Балтыйскім моры караблі з ядзернымі боегалоўкамі – піша Do Rzeczy.
Надоечы прэм'ер-міністр Фінляндыі Санна Марын сустрэлася ў Стакгольме з прэмʼер-міністрам Швецыі Магдаленай Андэрсан. Кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін абмеркавалі пытанні бяспекі і магчымае ўступленне ў НАТА. Расійская агрэсія супраць Украіны змяніла стаўленне грамадстваў гэтых краін да сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе. У цяперашні час такую магчымасць падтрымлівае большасць грамадзян Фінляндыі і Швецыі.
Марын заявіла, што рашэнне аб уступленні ў НАТА будзе прынята на працягу некалькіх тыдняў. Андэрсан была больш стрыманай у сваіх дэкларацыях.
З самага пачатку Расія рашуча выступае супраць уступлення дзвюх краін у НАТА і пасылае сігналы, што такая магчымасць сустрэне цвёрды адказ. Нядаўна Дзмітрый Мядзведзеў паўтарыў папярэджанні ў дачыненні да Хельсінкі і Стакгольма.
Як заявіў былы прэзідэнт Расіі, у выпадку ўступлення скандынаваў у Паўночнаатлантычны альянс трэба будзе спыніць дыскусію аб неразмяшчэнні ядзернай зброі ў Балтыйскім моры, дадаўшы, што «баланс трэба аднавіць».
Паводле Мядзведзева, Расія пачне ўспрымаць Швецыю і Фінляндыю як ворагаў і будзе «прымаць меры» у рэгіёне. Расійскі палітык, аднак, спадзяецца на змены планы ўрадаў гэтых краін.
– Грамадская думка ў Швецыі і Фінляндыі наконт неабходнасці ўступлення ў НАТА падзялілася прыкладна напалову. І гэта нягледзячы на ўсе намаганні прапагандыстаў. Ніхто з разумных людзей не хоча павышэння цэн і падаткаў, узмацнення напружанасці на мяжы, «Іскандэраў», гіпергукавой зброі і атамных караблёў літаральна ў межах дасяжнасці ўласнага дома. Будзем спадзявацца, што здаровы сэнс нашых паўночных суседзяў усё ж такі возьме верх», – сказаў ён.
Тым часам, на думку былога кіраўніка вайсковай выведкі Фінляндыі генерала Пека Товеры, Расія занадта слабая, каб пагражаць Швецыі ў вайсковым плане.
нг